Кіраўнік МАК Томас Бах заявіў пра санкцыі супраць беларускіх уладаў праз справу Ціманоўскай
- 6.08.2021, 11:18
Расследаванне трывае.
Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах выказаўся пра сітуацыю з беларускай лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай, паведамляе ria.ru.
Сёння стала вядома, што МАК адклікаў алімпійскія акрэдытацыі ў двух трэнераў каманды Беларусі, звязаных са справай Ціманоўскай.
«МАК не ў стане памяняць палітычную пазіцыю ў краіне. Гэта трэба разумець. Наша адказнасць - абараняць спартоўцаў так моцна, як мы можам. І караць за парушэнні, выдаляць тых, хто не варты нашых каштоўнасцяў.
Пару месяцаў таму мы ўжо прынялі пастанову. Лукашэнка і ягоны сын ніякія акрэдытацыі не маглі атрымаць тут, пад санкцыямі іншыя чальцы НАКа.
Мы выступаем супраць палітычных рэпрэсій. Ціманоўская ў Польшчы, мы ў кантакце з польскім НАК, яны дапамагаюць нам падтрымліваць яе», - сказаў Бах.
«Ці будуць яшчэ санкцыі? Гэта разглядае дысцыплінарная камісія, працэс працягваецца ў гэтай справе. Яшчэ нічога не скончана. Меры і санкцыі яшчэ могуць быць», - дадаў кіраўнік МАК.
Нагадаем, раней стала вядома, што трэнеры каманды Беларусі Артур Шумак і Юры Моісевіч часова пазбаўленыя акрэдытацый і выселеныя з Алімпійскай вёскі праз удзелу ў спробе прымусіць лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую вярнуцца ў Беларусь.