У Беларусі падвысілі кошты квіткоў на цягнікі: якія яшчэ паслугі і тавары павінны падаражэць да канца года
- 6.08.2021, 9:32
Планы чыноўнікаў шырокія.
У Беларусі падымаюць тарыфы на пасажырскія чыгуначныя перавозкі. Падвышэнне закране гарадскія, рэгіянальныя і міжрэгіянальныя лініі, паведамляе МАРГ.
Сайт zerkalo.io паглядзеў, як зменяцца цэны квіткоў на цягнікі, а таксама якія яшчэ паслугі павінны падаражэць да канца гэтага года.
Тарыфы на цягнікі рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній павысяць у сярэднім на 5-15% у залежнасці ад віду злучэння. Фактычнае павелічэнне кошту праезду на канкрэтным маршруце залежыць ад адлегласці перавозкі, удакладняюць ў МАРГ. Змены прадугледжаныя пастановай МАРГ.
Да прыкладу, квіток на цягнік рэгіянальных ліній эканамкласа кірункам Менск-Пасажырскі-Беларусь вырасце на 6 капеек - да 74 капеек, а Менск-Пасажырскі - Маладзечна - на 17 капеек (да 1,97 рубля). Квіток на цягнікі рэгіянальных ліній бізнэс-класа з Менска ў Воршу падаражэе на 43 капейкі - да 8,97 рубля, а з Менска ў Бабруйск - на 35 капеек (да 7,33 рубля).
Падаражаюць таксама квіткі на цягнікі гарадскіх ліній. На іх тарыфы ўстанаўліваюць за паездку ў межах аднаго, двух ці больш тарыфных паясоў. «Пры гэтым яны не залежаць ад адлегласці перавозкі. Такім чынам, тарыфы на праезд пасажыраў на цягніках гарадскіх ліній у межах аднаго тарыфнага пояса павялічаны на 15 капеек і ў межах двух тарыфных паясоў - на 30 капеек», - тлумачаць у МАРГ. Да прыкладу, квіток на цягнік гарадскіх ліній з Менска ў Гарадзішча падаражэе на 15 капеек - да 1,2 рубля, а з Менска ў Чырвоны Сцяг - на 30 капеек (да 1,55 рубля).
Колькі пасажыры кампенсуюць выдаткаў на квіткі на цягнікі
У МАРГ удакладняюць, што цяперашняе падвышэнне тарыфаў на чыгуначныя пасажырскія перавозкі планавае - для падтрымання ўзроўню іх акупнасці. Апошні раз кошты квіткоў на цягнікі павышалі ў снежні мінулага года.
«Цяпер узровень кампенсацыі насельніцтвам выдаткаў на выкананне ўнутрырэспубліканскіх пасажырскіх перавозак чыгуначным транспартам вельмі нізкі: не дасягае 14%. Бюджэтнае субсідаванне чыгуначных перавозак пасажыраў не выконваецца», - ўдакладняюць у МАРГ.
Чыноўнікі, прымаючы пастанову аб падвышэнні кошту праезду ў цягніках, арыентуюцца на змяненне выдаткаў перавозчыка, дынаміку змены даходаў насельніцтва, узровень тарыфаў на перавозкі пасажыраў канкурэнтным відам транспарту - аўтамабільным.
Нагадаем, у 2020 годзе ўзровень кампенсацыі насельніцтвам выдаткаў на чыгуначныя перавозкі пасажыраў у цэлым на ўнутрырэспубліканскіх перавозках склаў 14,2%, паведамлялі раней у МАРГ. Гэта на 2,7 адсоткавага пункта менш, чым у 2019-м. У ведамстве тлумачылі, што зніжэнне звязана з падзеннем колькасці пасажыраў, а таксама ростам выдаткаў транспартных прадпрыемстваў на абнаўленне і рамонт рухомага складу.
Нагадаем, антыінфляцыйнай праграмай на 2021-2023 гады прадугледжана, што на пасажырскіх чыгуначных перавозках кампенсацыя будзе на ўзроўні 20%. Дасягнуць гэтых паказчыкаў маюць намер за кошт падвышэння тарыфаў і аптымізацыі выдаткаў.
Якія яшчэ паслугі могуць падаражэць да канца года
Паводле планаў чыноўнікаў, праезд у гарадскім грамадскім транспарце павінен падаражэць у чацвёртым квартале, чаканы рост - 6,8%, ці 5 капеек за адну паездку (гаворка пра падаражанне аднаго квітка). У кастрычніку-снежні хочуць таксама падняць тарыфы на пасажырскія перавозкі прыгарадным аўтамабільным транспартам - на 11,1%, або на 1 капейку за адзін кіламетр.
Падаражанне цыгарэт запланавана на працягу года (акрамя чацвёртага квартала), а моцнага алкаголю - у трэцім квартале (таксама было падаражанне ў першым квартале). Агулам моцны алкаголь і цыгарэты за год, паводле планаў, стануць даражэйшымі на 15,9% і 4,7% адпаведна. Рост коштаў абгрунтоўваюць кампенсацыяй падвышэння ставак акцызаў.
Кошт платнай адукацыі маюць намер падняць на 10% - як вышэйшай, так і сярэдняй спецыяльнай. Планаваны рост тлумачаць неабходнасцю кампенсаваць падвышэнне выдаткаў на аплату працы педагагічных і іншых работнікаў устаноў адукацыі. Рост коштаў запланаваны на трэці квартал, гэта значыць з пачатку новага навучальнага года. Некаторыя ВНУ ўжо абвясцілі, як зменіцца кошт навучання.
Мабільная сувязь, інтэрнэт, стацыянарная тэлефонная сувязь, паштовыя паслугі павінны падаражэць на 4% у чацвёртым квартале. Гэта прадугледжана для кампенсацыі росту выдаткаў, але не вышэй за ўзровень прагназаванай базавай інфляцыі.
Падвышэнне тарыфаў на ЖКП адбылося з 1 студзеня, у планах - падняць кошт некаторых паслуг у трэцім і чацвёртым кварталах.