З Токіё высылаюць двух беларускіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да спробы вывазу Ціманоўскай
- 6.08.2021, 7:40
Яны ўжо пакінулі Алімпійскую вёску.
Двух чальцоў алімпійскай каманды Беларусі пазбавілі акрэдытацыі з прычыны іх дачынення да спробы вывезці на радзіму беларускую лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую. Гаворка ідзе пра трэнера Артура Шымака і Юрыя Майсевіча.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Міжнароднага алімпійскага камітэта.
Яны ўжо пакінулі Алімпійскую вёску, але МАК «дасць ім магчымасць выказацца», адзначылі ў камітэце. Яны павінны будуць пакінуць Токіё.
1 жніўня беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская заявіла, што яе гвалтоўна спрабавалі адправіць у Беларусь пасля таго, як яна раскрытыкавала трэнераў беларускай нацыянальнай каманды на Алімпіядзе. Лёгкаатлетка сказала, што баіцца вяртацца ў Беларусь, бо там яе могуць пасадзіць у турму, і папрасіла аб дапамозе японскіх праваахоўнікаў.
2 жніўня з'явілася інфармацыя, што Ціманоўская папрасіла палітычнага прытулку ў Польшчы, а ейны муж выехаў з Беларусі ў Кіеў.
Польшча выдала спартоўцы і ейнаму мужу гуманітарныя візы. Еўразвяз вітаў пастанову Польшчы і заявіў, што спроба гвалтоўнага вяртання Ціманоўскай у Беларусь - яшчэ адзін доказ жорсткіх рэпрэсій беларускага дыктатара Лукашэнкі.
4 жніўня спартоўка вылецела з Токіё ў Вену, а адтуль - у Варшаву.
Міжнародны алімпійскі камітэт пачаў афіцыйнае расследаванне інцыдэнту з лёгкаатлеткай.
Некалькі беларускіх спартоўцаў пакінулі Беларусь пасля скандалу вакол Ціманоўскай. Яшчэ двое спартоўцаў адмовіліся вяртацца ў Беларусь і заявілі, што застануцца ў Нямеччыне, дзе яны цяпер знаходзяцца.