BE RU EN

За другі квартал беларусы забралі з банкаў 1,5 мільярда рублёў

  • 5.08.2021, 18:16

Тэрміновыя банкаўскія ўклады фізічных асоб знізіліся на 9,5%.

За другі квартал 2021 года тэрміновыя банкаўскія ўклады фізічных асоб знізіліся на 9,5%. На 1 ліпеня яны склалі 15,03 мільярда рублёў. Такую статыстыку дае Нацбанк у штоквартальным даследаванні па праграме «Знай своего клиента».

Дэпазіты ў нацыянальнай валюце ў параўнанні з 1 красавіка знізіліся на 73 мільёны рублёў, або на 1,5%. Яны склалі 4,7 мільярда рублёў, або 31,3% ад агульнага аб'ёму дэпазітаў фізічных асоб ва ўсіх відах валют.

Тэрміновыя ўклады ў замежнай валюце склалі ў эквіваленце 10,33 мільярда рублёў (68,7% аб'ёму укладаў). За другі квартал яны знізіліся на 12,7%, або на 1,5 мільярда рублёў. У даляравым выражэнні тэрміновыя ўклады зменшыліся з 1 красавіка на 428 мільёнаў даляраў, або на 9,5%. На 1 ліпеня яны складалі 4,08 мільярда даляраў.

Тэрміновыя адклікальныя ўклады фізічных асоб у рублях і замежнай валюце на 1 ліпеня складалі 4,21 мільярда рублёў (ці 28% ад усіх укладаў). За другі квартал іх стала менш на 490 мільёнаў рублёў, або на 10,4%.

Адпаведна, 72% складаюць тэрміновыя безадклікальныя ўклады. Іх у банках трымаюць на 10,82 мільярда рублёў. У параўнанні з 1 красавіка іх стала менш на 1,09 мільярда рублёў, або на 9,1%.

Апошнія навіны