BE RU EN

Замежнікі палічылі перадачу прапагандыста Азаронка сярэднявеччам

  • 4.08.2021, 18:13

Некаторыя карыстальнікі не маглі паверыць, што такое сапраўды паказваюць па ТВ.

Замежныя карыстальнікі іміджборда Reddit палічылі «сярэднявеччам» кадры з праграмы «Неделя», беларускага прапагандысцкага тэлеканала СТВ. Яны раскрытыкавалі скрыншоты з рубрыкі прапагандыста Рыгора Азаронка «Ордэн Юды», у якой ён паказвае на вялікім экране фотаздымкі беларускіх апазіцыянераў побач з вісельнай пятлёй, паведамляе «Лента.ру».

Аўтар паста пад нікам Orange_Jacket апублікаваў калаж, які складаецца з фрагментаў чатырох розных перадач. На малюнку можна ўбачыць твары спявачкі Ларысы Грыбалёвай, спартоўкі Аляксандры Герасімені, тэлевядоўцы Таццяны Бродкінай і мадэлі Вольгі Хіжынковай. Ва ўсіх выпадках побач з іх фотаздымкамі вісіць пятля.

«Беларуская дзяржаўная тэлевізія паказвае ворагаў народа», - так апублікаваныя кадры ахарактарызаваў Orange_Jacket. Многія каментатары абурыліся тым, як Азаронак паказвае людзей з іншай палітычнай пазіцыяй. Некаторыя палічылі, што журналіст выкарыстоўвае даўно састарэлыя метады.

«Гэта падобна на сярэднявечча, але з сучаснымі тэхналогіямі», - напісаў адзін з карыстальнікаў. Іншы карыстальнік адзначыў, што кадры нагадваюць выпуск навін з фільма-антыўтопіі.

Жыхар Турцыі пад нікам Atvaa не паверыў уласным вачам і на ўсялякі выпадак спытаў у каментарах, ці сапраўды прапагандыст заклікае да пакарання смерцю суайчыннікаў. «Чорт вазьмі, я не ўпэўнены, што нават Паўночная Карэя здольная на такое», - прызнаўся Olopson з Польшчы.

Нагадаем, на маршах пратэсту Азаронка выганялі штурхялём пад зад, адважвалі аплявухі і плявалі яму ў твар.

Апошнія навіны