Аўтамабілісты абураныя пастаянным ростам цэн на паліва
- 28.08.2021, 21:40
«Такога няма ні на адным з рынкаў свету».
З пачатку года паліва ў Беларусі падаражэла на 1 капейку ўжо 25 раз. Abw.by разбіраўся, што будзе з цэнамі далей і як зменшыць расход паліва.
Чаму цана расце па 1 капейцы?
Як патлумачылі ў канцэрне «Белнафтахім», палітыка іх цэнаўтварэння накіраваная на тое, каб утрымаць прымальную для эканомікі і насельніцтва цану паліва. У якасці метаду рэгулявання рынку абрана ўсталяванне гранічных максімальных цэн.
«Так, кошт паліва ў Беларусі не зніжаецца на такі ж працэнт, як падае кошт нафты. Але разам з тым і не павялічваецца такім жа тэмпам у перыяды росту катыровак. Дарэчы, такога няма ні на адным з рынкаў свету. Калі казаць пра кошты ў сумежных еўрапейскіх краінах, то яны змяняюцца з большай амплітудай, чым у Рэспубліцы Беларусь. І нават калі паліва таннее, як гэта адбылося ў перыяд пікавага падзення коштаў нафты ў II квартале 2020 года, кошты на еўрапейскіх АЗС усё роўна застаюцца значна вышэйшыя за кошты на беларускім рынку», - адзначыла намесніца старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна нафты і хіміі Святлана Гурына.
Як зменшыць расход паліва?
Якой бы мэты і стратэгіі ні прытрымлівалася дзяржава, кожнае падаражанне паліва ў першую чаргу б'е па кашальку кіроўцаў. Калі хочаце зэканоміць, звярніце ўвагу на рэкамендацыі спецыяліста СТА Валерыя Несцерава:
- запраўляйце машыну пад завязку. Пры поўным баку выпарэнне паліва памяншаецца.
- Выкарыстоўвайце паліва адпаведнага актанавага ліку.
- Своечасова мяняйце паліўны, паветраны і аліўны фільтры.
- Карыстайцеся змазачнымі вадкасцямі (алівамі) у рухавіку і трансмісіі, якія забяспечваюць больш нізкі каэфіцыент трэння ў параўнанні з аналагамі. Між іншым, аддавайце перавагу «паўсінтэтычным» перад мінеральнымі алівамі або «сінтэтыцы» перад «паўсінтетыкай». Таксама старайцеся ўжываць алівы з асадкамі, якія зніжаюць каэфіцыент трэння.
- Ездзіце спакойна! Са святлафора разганяйцеся плаўна і выкарыстоўвайце тармажэнне рухавіком пры руху на ўхілах. Калі ў вас аўтамабіль з бензінавым рухавіком, для вас будзе больш эканамічным ажыццяўляць зацяжны спуск з уключанай 5-й або 4-й перадачай (у гэтым становішчы адключаецца падача паліва). А для дызеляў эканамічна выкарыстаць рэжым нейтралкі, калі толькі гэта не дызелі CDI і CRDI.
- Рацыянальна выкарыстоўвайце абароты рухавіка. Памятайце, што самы эканамічны рэжым - гэта 5-я перадача па роўнай дарозе ў межах 70-90 км/г у залежнасці ад тыпу рухавіка. - Пры гэтым, калі вам трэба пераадолець зацяжны пад'ём, эканомней гэта зрабіць на падвышанай 3-цяй перадачы, чым рабіць стаўку на магутнасць аўто і ехаць на 4-й ці 5-й, тым самым «забіваючы» рухавік у рэжыме аліўнага галадання.
- Сачыце за паветрам у шынах. Выдатак паліва зніжаецца, калі шыны злёгку перапампаваныя. Напрыклад, пры норме 2 атмасферы добра іх трымаць у межах 2.2.
- Старайцеся карыстацца якаснымі свечкамі запальвання і праводзіць іх праверку і чыстку. Свечкі запальвання таксама ўплываюць на выдатак паліва.
- Сачыце за тэхнічным станам рухавіка. Паказчык кампрэсіі ў цыліндрах рухавіка наўпрост уплывае на расход паліва. Правяраць кампрэсію пажадана 1 раз у 50 000 км.