BE RU EN

Барчыха Марыя Мамошук зняпраўдзіла свой «каментар» дзяржСМІ пра Ціманоўскую

  • 2.08.2021, 21:47

Лукашэнкаўская прапаганда пачала прыдумляць каментары.

Беларуская барчыха Марыя Мамошук, срэбная прызёрка Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра, зняпраўдзіла, што яна давала якія-небудзь каментары дзяржСМІ пра сітуацыю з бягухай Хрысцінай Ціманоўскай.

Сёння на сайце дзяржаўнай газеты Гомельскага раёна «Маяк» быў апублікаваны матэрыял пад назвай «Лёгкаатлетка Хрысціна Ціманоўская пакінула Алімпійскія гульні ў Токіа», падпісаны імем «Алег Дубавец». Аўтар матэрыялу апісаў сітуацыю з Ціманоўскай, уключыўшы ў тэкст каментар галоўнага трэнера лёгкаатлетычнай зборнай Юрыя Маісевіча, які ён даваў дзяржаўнай тэлевізіі.

У дадатак да гэтага выданне наважыла ўзяць каментары ў вядомых спартоўцаў - ураджэнцаў Гомеля. Сцвярджаецца, што выказаліся па тэме ўдзельнік двух алімпіяд Сяргей Шундзікаў і барчыха-чэмпіёнка Марыя Мамошук. Абодва прыведзеныя каментары вельмі негатыўныя і прыніжальныя ў дачыненні да Ціманоўскай.

«І экспэртам быць не трэба, каб зразумець: псіхалагічна, ды і фізічна Ціманоўская, што называецца, паплыла», - так пачынаўся «каментар».

Аднак вечарам панядзелка Марыя Мамошук заявіла, што не давала такога каментара. Яна размясціла ў гісторыях Instagram скрыншот публікацыі «Маяка» і падпісала: «Ніякіх каментароў з гэтай нагоды я не выказвала!!! Хлусня!!!» (Пунктуацыя захаваная).

Варта адзначыць, што ўся публікацыя «Маяка» (аўтар - Алег Дубавец) напісана ў даволі рэзкіх выразах і з падтасоўваннем фактаў. Так, змяшаныя выказванні Хрысціны Ціманоўскай: яе першая заява аб тым, што яе прымушаюць выступаць у чужой дысцыпліне, перамяшаная з фрагментамі яе фраз, сказаных праз некалькі дзён - ужо пасля спробы вывезці яе з Токіа. Сітуацыя пададзеная так, быццам Ціманоўская заявіла пра адмову вяртацца ў Беларусь адразу ж, як толькі даведалася, што ёй давядзецца бегчы эстафету, хоць гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Апошнія навіны