BE RU EN

АўтаВАЗ прыпыніў працу праз недахоп нямецкіх запчастак

  • 19.08.2021, 14:12

«Жамчужына» расейскага аўтапраму спыняе ўсе тры канвееры з 23 жніўня.

Канцэрн АўтаВАЗ з 23 жніўня спыняе працу ўсіх трох зборачных ліній на заводзе ў Тальяці, паведамляе finanz.ru.

Канвеер найбуйнейшага ў РФ аўтавытворцы спыніць працу ўсяго праз тыдзень пасля карпаратыўнага адпачынку, які доўжыўся з 26 ліпеня, праз недахоп электронных кампанентаў ад нямецкага канцэрна Bosch.

Тры з пяці дзён прастою будуць абвешчаныя днямі адпачынку, перанесенымі са снежня, а астатнія два працоўныя дні будуць аплачаныя ў суме 2/3 ад сярэдняга заробку, каб пазбегнуць значнага скарачэння даходаў персаналу, паведамілі ў прэс-службе «АўтаВАЗа».

Праз дэфіцыт паставак з 16 жніўня кампанія ўжо прыпыніла выпуск мадэляў Lada Granta, а таксама абмежавала вытворчасць Lada Niva і платформы B0, на якой выпускаюць аўтамабілі Lada Largus, Xray, Renault Logan і Sandero.

Пры гэтым завод «Lada Іжэўск», які выкарыстоўвае для зборкі мадэляў Lada Vesta іншыя кампаненты, прадоўжыць працаваць у штатным рэжыме.

АўтаВАЗ, які ўваходзіць у склад альянсу Renault-Nissan-Mitsubishi і які выпускае поўным цыклам брэнды Lada, Renault, Nissan і Datsun, з'яўляецца лідарам на расейскім рынку аўтавытворцаў.

Яго продажы ў студзені-ліпені выраслі на 42% у гадавым вылічэнні, да 232,23 тысячы аўтамабіляў, а непасрэдна ў ліпені - на 3%, да 32,01 тысячы шт. Bosch выступае пастаўшчыком электронікі для АўтаВАЗа і чальцоў альянсу.

Апошнія навіны