BE RU EN

Лукашэнкаўская суддзя Марыя Ярохіна зноў здзівіла беларусаў

  • 29.07.2021, 19:09

Гэтым разам неадэкватная суддзя асудзіла беларуску за ... майку!

Амаль тры тысячы рублёў штрафу атрымала 31-гадовая Алеся Яначкіна з Менска за тое, што вывесіла сушыцца на балкон футболку «не таго колеру», паведамляе «Вясна».

Напярэдадні дзяўчыну затрымалі, і 26 ліпеня ў судзе Фрунзенскага раёна разгледзелі справу «аб футболцы».

У Фрунзенскім РАУС Менска на Алесю склалі пратакол паводле арт. 24.23 КоАП за несанкцыянаваны пікет.

Згодна з пратаколам, Алеся вывесіла на балконе белую футболку з чырвонай паласой пасярэдзіне.

Алеся сцвярджала, што вымытая футболка сохла на балконе і пасля заўвагі ўчастковага яе адразу знялі. Аднак праз пару дзён да яе прыйшлі міліцыянты і прапанавалі прайсці з імі на прафілактычную размову, пасля чаго затрымалі на содні да суда.

Пры гэтым у дзяўчыны ёсць малалетняе дзіця. А на судзе сведка-міліцыянт забыўся, што менавіта ён затрымліваў Алесю і складаў пратакол.

Суддзя Марыя Ярохіна прызнала дзяўчыну вінаватай у пікетаванні і пакарала яе штрафам сумаю 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).

Нагадаем, раней неадэкватная суддзя Марыя Ярохіна праславілася тым, што асудзіла менчукоў за белыя лісты паперы на вокнах.

Апошнія навіны