BE RU EN

На захадзе Казахстана пачаліся масавыя пратэсты і страйкі

  • 28.07.2021, 19:34

У Жанаазэне забаставалі энэргетыкі і нафтавікі.

У горадзе Жанаазэн на захадзе Казахстана да масавых пратэстаў і страйкаў далучыліся працоўныя мясцовай энэргакампаніі «Азенэнэргасэрвіс»: яны пагражаюць адключыць святло ва ўсім горадзе. Таксама працягваюць страйкаваць супрацоўнікі нафтавых кампаній, паведамляе «Настоящее время».

Страйкі ў Жанаазене з патрабаваннем павысіць заробак пачаліся ў сярэдзіне ліпеня, і такіх шматлікіх пратэстаў працоўных калектываў у горадзе не было даўно. На страйк выйшлі нафтавікі, супрацоўнікі сэрвісных кампаній, кіроўцы і нават камунальнікі. Зараз страйкуюць і патрабуюць павысіць заробкі працоўныя больш за дзясятак кампаній, а напярэдадні да іх далучыліся энэргетыкі «Азенэнэргасэрвіса». Яны патрабуюць ад кіраўніцтва, каб ім удвая падвысілі заробак, выдавалі прэміі на Дзень энэргетыка і 13-ы заробак паводле вынікаў года, у адваротным выпадку яны пагражаюць абясточыць увесь горад.

«Мы просім хутчэй развязаць пытанне з нашымі заробкамі. Мы прыпынім сваю працу, таму што патрабаванні ўсё яшчэ не выкананы. Шараговых жыхароў Жанаазена просім паставіцца з разуменнем, калі ў вашых дамах не будзе электрычнасці, - гаворыцца ў звароце страйкоўцаў. - Пры гэтым хочам сказаць, што ад электрычнасці жыццёва важныя аб'екты, такія як МНС, бальніцы, радзільні, мы адключаць не будзем».

Кіраўніцтва ДКП «Азенэнэргасервіс» сітуацыю не каментуе. Мясцовыя ўлады паспяшаліся супакоіць жыхароў: яны заявілі, што хоць пратэстная акцыя сапраўды праходзіць, прадпрыемства працягвае працу ў штатным рэжыме.

«Групай работнікаў ДКП «Азенэнэргасервіс» абвешчаная пратэстная акцыя што да працоўных дачыненняў. Нягледзячы на гэтую сітуацыю, дзейнасць прадпрыемства не была прыпыненая, - запэўніваюць у акімата Жанаазена. - Праблем з падачай электраэнэргіі жылому сектару, сацыяльным, камерцыйным аб'ектам няма. Усе аб'екты жыццезабеспячэння і аб'екты, якія маюць стратэгічнае значэнне, працуюць у штатным рэжыме».

Да страйку нафтавікоў далучыліся працоўныя яшчэ адной кампаніі - нафтаздабываючай «Каражанбасмунай». Амаль 200 супрацоўнікаў адмаўляюцца выходзіць на змену, праца на радовішчы практычна паралізаваная. Пратэстоўцы патрабуюць павялічыць ім заробак і ўвесці сацыяльны пакет.

«Многім хлопцам, якія знаходзяцца за маёй спінай, не паднялі заробак. Іх заробак павялічыўся толькі на 4%, - кажуць рабочыя кампаніі Industrial Service Resources у сваім відэа. - Кіраўніцтва тлумачыць гэта тым, што няма штатных пазіцый. Другое патрабаванне: рабочых аўтсорсінгавых прадпрыемстваў павінны прыняць у штат. Яны нароўні з іншымі працуюць, таму заслугоўваюць гэтага».

Дзесяць гадоў таму, у снежні 2011 года, Жанаазэн таксама ахапілі масавыя забастоўкі, якія завяршыліся трагедыяй: паліцыянты адкрылі агонь па бяззбройных жыхарах, якія выйшлі на пратэсты. Паводле афіцыйных звестак, загінула 16 чалавек, амаль сотня пацярпела. 37 чалавек, у тым ліку ўдзельнікаў страйку нафтавікоў, асудзілі на рэальныя і ўмоўныя тэрміны.

Апошнія навіны