BE RU EN

Максім Вінярскі: За нашымі спінамі тыя, хто не сышоў з акопаў

  • 28.07.2021, 17:41

Мільёны неабыякавых людзей сталі творчай сілай пратэсту.

Сёння - дзень нараджэння актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», палітвязня Максіма Вінярскага. Ягоная сястра Алена Церашкова апублікавала ў «Фэйсбуку» ліст, які беларускі змагар за свабоду перадаў на волю:

«Добры дзень, сябры!

Дзякуй, што прыйшлі павіншаваць мяне са святам. Так, я не магу паціснуць вашыя рукі, але падтрымка ваша праходзіць і праз краты клеткі. Я надзвычай удзячны ўсім вам, я ганаруся нашым знаёмствам і спадзяюся, што гэта ўзаемна. І раз ужо вы чытаеце гэты ліст, значыць, вы ў мяне ў гасцях. Дык дазвольце юбіляру сказаць прамову.

Гэта не трагедыя, калі дыктатар уважае грамадзяніна за раба. Трагедыя, калі грамадзянін з гэтым згодны. Я ганаруся тым, што сярод маіх сяброў рабоў няма. Затое сярод іх ёсць журналісты, праваабаронцы, людзі мастацтва - залаты фонд нацыі, разрабаваць і знішчыць які ворагі Беларусі не змогуць. А разам з імі - мільёны неабыякавых людзей, якія прымералі воляю лёсу ролю праваабаронцаў, журналістаў, блогераў, якія сталі творчай сілай пратэстаў.

У тых абвінавачаннях, якія выстаўляюць мне, маім сябрам, сотням і тысячам беларусаў, дзясяткі тамоў, прысвечаныя менавіта інфармацыйным рэсурсам і паблікам. Нас судзяць за свабоду слова, свабоду меркаванняў і перакананняў і канстытуцыйнае права атрымліваць, збіраць і распаўсюджваць грамадска важную інфармацыю, за праўду пра тое, што адбылося ў 2020-м годзе і прадаўжае адбывацца цяпер. Таму што праўда паліць гарачым жалезам, пачынаючы з адзінага парыву - Сы-хо-дзь! - і заканчваючы свабоднымі выбарамі свабодных людзей, якія самі вызначаюць, як і ў якой краіне яны будуць жыць.

Я не здзіўлены тым, што пракуроры ў судах толькі прагортваюць гэтыя тамы, зачытваюць выбарачна фразы, вырваныя з кантэксту. На старонках паблікаў жыве і дыхае найноўшая гісторыя майго народа - гісторыя сотняў тысяч людзей, іх галасы, іх творчасць, іх выбар і іх жыццё. Гэта акіян думак, ідэй, якія, пераплятаючыся з учынкамі, і сталі жывым гісторыяй. І сёння ніякія намаганні рэжыму не могуць асушыць гэты акіян. Нафтавая плёнка рэпрэсій, задача якой - задушыць усё жывое, рана ці позна ўспыхне ў пажары народнага гневу, а што не згарыць - знікне ў шторме, які насоўваецца.

Сёння кожнаму нялёгка. Але за нашымі спінамі тыя, хто не сышоў з акопаў. Дзмітрый Завадскі, Алег Бябенін, Павел Шарамет, якія сталі ўвасабленнем праўдзівай журналістыкі, ажываюць у нашых стрымах і рэпартажах. Валеры Шчукін, Крысціна Шацікава, Яна Палякова стаяцб у шэрагах праваабаронцаў і валанцёраў. Трывожыць сумленне афіцэраў-сілавікоў генерал Юры Захаранка, які адмовіўся падняць зброю супраць мірных людзей. Бясстрашны Віктар Івашкевіч стаіць на плошчы, і ў кожнай руцэ ў яго - сцяг, а побач - Раман Бандарэнка, Аляксандр Тарайкоўскі, дзясяткі і сотні тых, хто загінуў - але не здаўся. Ні ў светлае свята, ні ў дзень смутку мы не забудзем пра іх.

Я хацеў бы паціснуць руку кожнаму з вас. На жаль, не сёння. Але ж вы ведаеце, як хутка ляціць час. І ў дзень нашай Перамогі мы здзівімся: бо ўсё пачыналася быццам учора.

Да сустрэчы, сябры!» - піша Максім Вінярскі.

***

Вы можаце падтрымаць Максіма Вінярскага, напісаўшы яму ліст.

Адрас для карэспандэнцыі:

212011, Магілёў, вул. Крупcкай 99а, СІЗА-4 Вінярскаму Максіму Аляксандравічу, 1981 года нараджэння.

Апошнія навіны