BE RU EN

Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы: Толькі санкцыі могуць ацверазіць рэжым Лукашэнкі

  • 27.07.2021, 12:14

«Спадарства ў Менску, цяпер самы час прааналізаваць сітуацыю», – сказаў Марцін Пшыдач.

Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач прызнаў, што сітуацыя з палякамі, зняволенымі ў Беларусі, складаная, паведамляе polskieradio.pl.

Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы падкрэсліў, што беларускія ўлады не зацікаўленыя ў размове на гэтую тэму. Ён дадаў, што гэта могуць змяніць санкцыі.

«Я мяркую, што толькі шляхам палітычнага ціску і вядзення палітыкі санкцый мы зможам прывесці да нейкага працверажэння ў Менску. Вядома, мы прадаўжаем весці такую палітыку. Аднак на самай справе ключавое ў дадзеным выпадку поўнае працверажэнне Менска і аналіз, ці сапраўды ім выгодна бяспраўна трымаць людзей. Бо такім чынам свае пазіцыі страчвае не толькі беларускі істэблішмэнт, але і бізнэс, які падтрымлівае Лукашэнку. Спадарства ў Менску, цяпер самы час прааналізаваць сітуацыю», – сказаў Марцін Пшыдач.

Намеснік міністра замежных справаў заявіў, што палякі, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, павінны быць вызваленыя. Ён дадаў, што салідарызуецца з удзельнікамі маніфестацый у іх падтрымку.

З сакавіка ў беларускім СІЗА знаходзяцца Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс. Беларускія спецслужбы вінавацяць іх «у распальванні нацыянальнай нянавісці», за што пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны