Зяленскі правёў кадравыя перастаноўкі ў СБУ
- 26.07.2021, 21:32
Звольніў пецярых кіраўнікоў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў кадравыя перастаноўкі ў Службе бяспекі. Пра гэта паведамляе прэс-служба СБУ.
Руслан Баранецкі звольнены з пасады першага намесніка старшыні СБУ і вызвалены ад выканання абавязкаў кіраўніка Антытэрарыстычнага цэнтра пры СБУ.
Васіль Малюкоў вызвалены ад пасады першага намесніка старшыні СБУ - начальніка Галоўнага ўпраўлення ў барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Цэнтральнага кіравання СБУ.
Сяргей Андрушчанка вызвалены ад пасады намесніка старшыні СБУ і пераведзены на пасаду першага намесніка кіраўніка СБУ і кіраўніка Антытэрарыстычнага цэнтра пры Службе бяспекі.
Акрамя таго, звольнены начальнік дэпартамента контрвыведніцкай абароны інтарэсаў дзяржавы ў сферы інфармацыйнай бяспекі СБУ Аляксей Карняйчук, а Віталь Манастырэцкі звольнены з пасады начальніка Упраўлення СБУ ў Чарнавіцкай вобласці.
У Зяленскага адзначылі, што асноўная мэта прэзідэнта пры прыняцці гэтых кадравых рашэнняў - забеспячэнне гатоўнасці СБУ да сістэмнай трансфармацыі, паводле зместу рэформы ведамства. Адпаведны законапраект прапрацоўваецца ў Вярхоўнай Радзе.
«Ніякай альтэрнатывы рэформе Службы няма і не будзе. Як толькі парламент прагаласуе за рэформу, мы павінны пачаць трансфармацыю ў першы ж дзень, не страчваючы часу на адаптацыю да прынятага рашэння», - адзначыў Зяленскі.
Са слоў Зяленскага, яшчэ адна задача кадравых перастановак у СБУ - неабходнасць актывізацыі барацьбы з кантрабандай, тэмпы якой не задавальняюць прэзідэнта.