BE RU EN

Міністэрства аховы здароўя Польшчы: Штам «Дэльта» стаў дамінантным у краіне

  • 26.07.2021, 12:07

У цяперашні час на індыйскі штам каранавірусу ў Польшчы прыпадае 70% усіх новых заражэнняў.

У Польшчы на стан 26 ліпеня зарэгістравана 246 выпадкаў заражэння дэльта-варыянтам каранавірусу. Як паведамляе «Польскае радыё», пра гэта паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Польшчы Вальдэмар Краска.

Паводле ягоных словаў, у Польшчы, як і ва ўсёй Еўропе, варыянт «Дэльта» пачынае пераважаць над астатнімі штамамі каранавірусу. У цяперашні час на яго прыпадае 70% усіх новых заражэнняў.

Пры гэтым намеснік кіраўніка польскага Міністэрства аховы здароўя Вальдэмар Краска нагадаў, што вакцынацыя – гэта адзіны эфектыўны спосаб барацьбы з пандэміяй каранавірусу.

«Вакцына, як ад AstraZeneca, так і ад Pfizer, абараняюць нас ад штаму “Дэльта”. Нават калі мы заразімся, хвароба будзе працякаць у лёгкай форме і зводзіцца да болі ў цягліцах і нязначнага павышэння тэмпературы. Неабходна падкрэсліць, што вакцыны абараняюць нас не толькі ад смерці, але таксама ад цяжкай формы COVID-19», – сказаў Вальдэмар Краска.

Паводле словаў намесніка міністра аховы здароўя, высокі ўзровень вакцынацыі насельніцтва ў Польшчы паспрыяе памяншэнню чаканай гэтай восенню чарговай хвалі каранавірусных інфекцый.

Да гэтага часу ў Польшчы вакцынаваныя 33 млн чалавек, з якіх цалкам – гэта значыць аднаразовай вакцынай Johnson & Johnson або дзвюма дозамі іншых сертыфікаваных у ЕЗ вакцынаў – амаль 17 млн.

Апошнія навіны