BE RU EN

На Алімпіядзе ў Токіа згуляны першы камплект медалёў

  • 24.07.2021, 10:10

Першае «золата» заваявала кітайская спартоўка.

Першай алімпійскай чэмпіёнкай Токіа стала кітайская спартоўка Цянь Ян, якая перамагла на турніры ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на 10 метраў, паведамляе naviny.online.

Другое месца заняла прадстаўніца Расеі Настасся Галашына, трэцяй стала Ніна Крыстэн са Швэйцарыі.

Беларуска Марыя Мартынава ў кваліфікацыі паказала 24-ы вынік і ў фінал не выйшла.

У Токіа Мартынавай яшчэ трэба будзе ўдзельнічаць у адным відзе праграмы – стральбе з вінтоўкі на 50 м з трох палажэнняў (31 ліпеня.)

У боксе ў катэгорыі да 69 кг беларус Аляксандр Радзівонаў у 1/16 фіналу перамог прадстаўніка Турцыі Неката Ікінчы – 3:2. 27 ліпеня Радзівонаў сустрэнецца з брытанцам Пэтам Маккормакам.

У акадэмічным веславанні беларуская двойка двухлопасцевая ў складзе Дзмітрыя Фурмана і Сяргея Валадзько ў сваім кваліфікацыйным заездзе на 2000 м паказала апошні чацвёрты вынік і напрамую ў паўфінал не кваліфікавалася. 25 ліпеня ім патрэбны будзе перазаезд.

Беларуская двойка парная легкаважкая Алена Фурман і Іна Нікуліна ў сваім кваліфікацыйным заездзе на 2000 м паказала чацвёрты вынік і напрамую ў паўфінал таксама не адабралася. Перазаезд адбудзецца 25 ліпеня.

Апошнія навіны