Валер Карпін узначаліць каманду Расеі ў футболе
- 23.07.2021, 20:26
У найбліжэйшыя паўгода ён будзе сумяшчаць працу ў зборнай і ў «Растове».
Трэнер «Растова» Валер Карпін узначаліць футбольную каманду Расеі, якая засталася без галоўнага трэнера пасля звальнення Станіслава Чарчасава. Пра гэта паведамляе сайт РФС.
Кантракт з Карпінам разлічаны да 31 снежня 2021 года з магчымасцю падаўжэння. У найбліжэйшыя паўгода трэнер будзе сумяшчаць працу ў зборнай і «Растове».
Пагадненне будзе падпісанае ў панядзелак, 26 ліпеня, бакі ўжо ўзгаднілі яго ўмовы, адзначаюць у РФС.
«Валер Карпін не мае патрэбы ў прадстаўленні футбольным спецыялістам і заўзятарам. Ён быў адным з найлепшых расейскіх гульцоў свайго пакалення, ярка выступаў і за клубы, і за зборную Расеі», - заявіў прэзідэнт РФС Аляксандр Дзюкаў, словы якога прыводзяцца ў рэлізе.
«Пасля завяршэння кар'еры гульца Валерый Георгіевіч атрымаў багаты трэнерскі досвед, у тым ліку ў апошнія гады паспяхова працуючы ў клубе «Растоў». Зборная для яго - новы выклік. І мы ўбачылі з яго боку жаданне і гатоўнасць гэты выклік прыняць», - дадаў ён.