BE RU EN

Санкцыі ў дзеянні: Як сябар Лукашэнкі ператварыўся ў «беспасажніцу»

  • 23.07.2021, 10:57

Паказальная гісторыя Міхаіла Гуцарыева.

Ужо хто-хто пацярпеў ад санкцый у дачыненні да Беларусі, дык гэта Міхаіл Сафарбекавіч Гуцарыеў… які перапісаў усе свае асноўныя актывы на найбліжэйшых сваякоў (дзяцей, братоў і гэтак далей), з чалавека са спісу Forbes ператварыўся ў «беспасажніцу», піша тэлеграм-канал zaprauka.by.

Беларускім чыноўнікам і сілавікам, якіх у санкцыйных спісах процьма, усе накладзеныя візавыя і іншыя абмежаванні ніякім чынам не шкодзяць: не ездзілі ў Еўропу – і не будзем, рахункаў і актываў там і так няма.

Беларускім бізнэсмэнам – горай. Шмат у каго ёсць у Еўропе грошы, працуюць кампаніі. Але яны тут жа адпісалі іх дзецям. І чакаюць, як на гэта паглядзяць, таму што паводле беларускіх паняццяў яны «схаваліся», а вось як ацэніць гэтыя дзеянні Еўропа, напрыклад?..

З Міхаілам Сафарбекавічам усё нашмат больш сумна. Бізнэс у яго не параўнаць з маштабамі ўсіх беларускіх бізнэсмэнаў разам узятых. І самае галоўнае, што нафтавы блок у ім займае істотнае месца, але не адзінае. Ён шматпрофільны і маштабны. Чаго там казаць, нават роялці за песні ягонага стварэння пад пагрозай.

Адсюль і паспешныя дзеянні з фармальным выхадам з актываў. Нават нанялі нейкіх заходніх юрыстаў, каб тыя зарабілі грошай і зрабілі «выснову», якая сёння вельмі патрэбная Гуцарыеву, каб адчуць сябе ў бяспецы: маўляў, той бізнэс, які ён выбудоўваў дзесяцігоддзямі, ужо не ягоны бізнэс. Хоць усе разумеюць, што ўсе пераходы і аддачы – гэта выключна фармальныя дзеянні.

Вось, праўда, з іміджавым ударам нічога не зробіш, калі ты ўвесь час пазіцыянаваў і казаў, што «Русснефть» – гэта маё. А цяпер – ужо не маё, а ўсё роўна ўнутры раздзірае: як гэта так, што я не магу паказаць, што маю?!. Нешта падобнае, няправільнае, адчуваў падпольны мільянер Карэйка з усім вядомага твора Ільфа і Пятрова.

Усё ўжо зроблена. Таму засталося толькі назіраць, як ацэняць еўрапейскія рэгулятары такую «раздачу фамільнага срэбра» блізкім сваякам, якія знаходзяцца ў тваёй залежнасці.

Апошнія навіны