Маланка ўдарыла ў групу маладзёнаў пад Менскам
- 18.07.2021, 9:23
Дзяўчына загінула, чатыры чалавекі знаходзяцца ў шпіталях.
17 ліпеня ў лякарні Менска паступілі чацвёра маладзёнаў з электратраўмамі ад удару маланкі, паведамляе тэлеграм-канал «Афіцыйнае Міністэрства аховы здароўя».
З паведамленняў Міністэрства аховы здароўя, кампанія з пяці чалавек знаходзілася побач з возерам у Стайках. Калі пачалася навальніца, яны наважылі схавацца пад дрэвам - і ў яго ўдарыла маланка.
На месцы трагедыі працавалі чатыры брыгады хуткай дапамогі. Дзяўчыну выратаваць не ўдалося, а чацвярых маладзёнаў даставілі ў лякарню Менска. Іх стан медыкі ацэньваюць як цяжкі.
«Стан аднаго з пацярпелых ацэньваецца як стабільны, сярэдняй ступені цяжкасці. Ён знаходзіцца ў хірургічнай рэанімацыі. Двое маладзёнаў у стабільна цяжкім стане ў апёкавай рэанімацыі. Чацвёрты хлопец таксама ў стабільна цяжкім стане знаходзіцца ў рэанімацыі», - гаворыцца ў паведамленні міністэрства.
«Лекары менскіх шпіталяў, куды былі дастаўлены пацярпелыя, робяць усё магчымае, каб захаваць здароўе хлопцам», - пішуць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя.