Тры найбагацейшыя мільярдэры Расеі збяднелі на $2,5 мільярда за паўгадзіны
- 24.06.2021, 14:50
Расейскія ўлады наважылі ўвесці экспартныя мыты на чорныя і каляровыя металы.
Акцыі металургічных кампаній абрынуліся на Маскоўскай біржы ў чацвер, ударыўшы па багаццю сваіх уладальнікаў, якія займаюць першую «тройку» ў расейскім спісе Forbes, паведамляе finanz.ru.
«Поўначсталь», НЛМК і «Нарнікель» сумарна патаннелі на 332 мільярды расейскіх рублёў за паўгадзіны пасля таго, як урад абвясціў аб пастанове ўвесці экспартныя мыты на чорныя і каляровыя металы.
Спасылаючыся на імклівы рост кошту металу на ўнутраным рынку і «звышпрыбыткі», якія атрымліваюць металургі ад вывазу прадукцыі за мяжу, Кабмін абклаў зборам экспарт медзі, нікелю, алюмінію, а таксама ўсе тыпы пракату і ферасплавы.
Віцэ-прэм'ер Андрэй Белавусаў паведаміў, што гэты захад «часовы», а з 2022 года неабходны сістэмны механізм, які абараняў бы ўнутраны рынак ад ваганняў сусветных коштаў.
Паперы «Поўначсталі» на МасБіржы патаннелі на 5,8%.
Уладальнік 76% «Поўначсталі» Аляксей Мардашоў, найбагацейшы чалавек Расеі з багаццем 29,1 млрд даляраў, паводле інфармацыі Forbes, збяднеў на 760 млн даляраў.
Уладзімір Патанін, які займае другое месца з багаццем паводле ацэнкі Forbes 27 млрд даляраў, страціў 4,7%.
Патанін валодае 35% «Нарнікелю».
Уладзімір Лісін, які замыкае «тройку», гаспадар 79% НЛМК, таксама стаў бяднейшым. Паперы Новаліпецкага камбіната абрынуліся на 5,2%.
У суме топ-3 мільярдэраў сталі бяднейшымі на 2,5 млрд даляраў.
Металургі, нагадаем, спрабавалі «адбіцца» ад новых збораў у бюджэт, выказваючы гатоўнасць прадаваць для дзяржаўных будоўляў метал са зніжкамі да 30%.