Археолагі знайшлі на ўсходзе Турцыі руіны замка дзяржавы Урарту
- 23.06.2021, 15:11
Знаходцы амаль тры тысячы гадоў.
Рэшткі замка, пабудаванага 2800 гадоў таму, былі выяўленыя падчас раскопак на гары на вышыні 2500 м у раёне Гюрпінар ва ўсходняй турэцкай правінцыі Ван, піша «Новое время».
У замку былі выяўленыя вялікая цыстэрна глыбінёй 6,5 метра, даўжынёй 6,5 метра і дыяметрам 2,5 метра, муры і керамічныя рэшткі, адзначылі археолагі.
«Хоць уважаецца, што ён узыходзіць да урартскай эпохі, як і замак Ван, мы бачым, што ён у асноўным выкарыстоўваўся ў сярэднія вякі», - сказаў Рафет Чавушаглу, кіраўнік групы раскопак і прафесар археалогіі Універсітэта Ван Юзюнджу Йіл.
«Мы разумеем, што гэта месца было пабудаванае блізу 2800 гадоў таму з-за керамічных прадметаў, цыстэрны і гарадскіх сцен», - сказаў Чавушаглу.
Ва Урарту камень шырока выкарыстоўваўся ў будаўніцтве, на што, напрыклда, паказваюць мегалітычныя помнікі, напрыклад, шматлікія дальмены. Таксама археолагі выявілі ў розных кутках дзяржавы сведчанні існавання старажытных цытадэляў, складзеных з буйных камянёў.
Між тым, Чавушаглу дадаў, што яны «выявілі, што пры будаўніцтве муроў у гэтым рэгіёне выкарыстоўваліся вапняк і пясчанік. Гэты замак з'яўляецца для нас вельмі важным адкрыццём».
Акрамя таго, адшуканы замак зробіць свой унёсак у гістарычнае багацце раёна, сказаў мэр Гюрпінара Хайрула Таніс.
«У супрацоўніцтве з універсітэтам Ван Юзюнджу Йіл мы зрабілі тут важнае адкрыццё. Мы знайшлі новы замак, які сведчыць пра урартскі перыяд і сярэднявечча. Гэта адкрыццё ўсхвалявала нас з пункту гледжання турызму і культуры», - дадаў Таніс.