BE RU EN

Мадрыд пасля памілавання сепаратыстаў выключыў рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі

  • 23.06.2021, 14:24

Гішпанскі ўрад прапанаваў дыялог, каб захаваць рэгіён у складзе краіны.

Урад Гішпаніі заявіў у сераду, што памілаванне дзявяці зняволеных лідараў каталонскіх сепаратыстаў не азначае, што ён гатовы абмяркоўваць рэферэндум аб незалежнасці рэгіёна.

Пра гэта піша агенцтва Reuters.

Вярхоўны суд санкцыянаваў вызваленне дзявяці палітыкаў і актывістаў пасля таго, як урад ухваліў памілаванне. Гішпанскі ўрад спадзяецца, што гэты крок будзе спрыяць дыялогу, каб захаваць рэгіён у складзе Гішпаніі.

Чакаецца, што дзевяць лідараў каталонскіх сепаратыстаў пакінуць турму пазней у сераду.

У 2019 годзе яны былі прысуджаныя да тэрмінаў ад 9 да 13 гадоў за падбухторванне да паўстання і нямэтавае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў пасля несанкцыянаванага рэферэндуму ў пытанні аддзялення ад Гішпаніі, які прывёў да найгоршага палітычнага крызісу за дзясяцігоддзе.

У той жа час для гэтых 9 чалавек будзе дзейнічаць забарона займаць дзяржаўныя пасады.

«Гэта не проста пытанне неканстытуцыйнасці, гэта тое, што мы не можам прадаўжаць расколваць каталонскае грамадства», - сказаў прэм'ер-міністр Гішпаніі Пэдра Санчэс у адказе на заклікі заканадаўцаў-сепаратыстаў правесці яшчэ адзін рэферэндум са згоды Мадрыда.

Між тым кансерватыўныя апазіцыйныя партыі зноў заклікалі Санчэса сысці ў адстаўку праз памілаванне, сцвярджаючы, што гэты крок падрывае адзінства Гішпаніі.

Апытанні грамадскай думкі паказваюць, што прыкладна палова насельніцтва Каталоніі выступае за аддзяленне ад Гішпаніі.

Апошнія навіны