BE RU EN

У ЕЗ зацвердзілі санкцыі супраць беларускага рэжыму: з'явіліся першыя прозвішчы і назвы кампаній

  • 21.06.2021, 12:29

Пад іх трапяць 78 фізічных асоб і 8 кампаній.

Рада міністраў замежных спраў ЕЗ зацвердзіла новыя санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму. Пад іх трапяць 78 фізічных асоб і 8 кампаній.

У санкцыйных спіс уключаныя бізнэсоўцы, чальцы сям'і Лукашэнкі, рэктары універсітэтаў, пракуроры, суддзі, супрацоўнікі МУС і высокапастаўленыя вайскоўцы, паведамляе брусэльскі карэспандэнт RFE/RL Рыкард Ёзвяк. Санкцыі ўключаюць у сябе замарожванне рахункаў і забарону на выдачу віз.

Поўны спіс будзе сёння апублікаваны ў афіцыйным часопісе Еўразвязу.

«Радыё Свабода» паведамляе, што новыя санкцыі ЕЗ закрануць МАЗ, БелАЗ, Logex, «Новую нафтавую кампанію», Sohra, Bremino Group, Globalcustom і «Белаэранавігацыя».

Таксама абмежаванні закрануць так званых дэпутатаў Алега Гайдукевіча і Генадзя Давыдзьку, памочніцу пракурора Аліну Касьянчык, міністра абароны Віктара Хрэніна, прапагандыста Андрэя Мукавозчыка, прэс-сакратара МУС Вольгу Чамаданаву, экс-камандзіра ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова і партманэты рэжыму Аляксея Алексіна, Аляксандра Зайцава і Міхаіла Гуцарыева.

Апошнія навіны