BE RU EN

Эксперты расказалі, чаму Пуцін мог сам прапанаваць Байдэну патаргавацца пра лёс Лукашэнкі

  • 20.06.2021, 19:35

Тры меркаванні.

Вынікі сустрэчы прэзідэнта ЗША Джозэфа Байдэна і кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна сталі тэмай нумар 1 сярод экспертаў. І нават той факт, што Беларусь там згадалі толькі мімаходзь, амаль нікога з іх не бянтэжыць. Вось чаму, піша telegraf.by.

Аналітык Ігар Ільяш упэўнены, што «сустрэча Пуціна і Байдэна мела вельмі не спадабацца Лукашэнку».

«... Гэта значыць, ніякіх дамоўленасцяў з нагоды Беларусі дасягнута не было і наўрад у Жэнэве іх спрабавалі шукаць. Але падобна, што далейшы лёс Лукашэнкі не быў уключаны Пуціным у пералік нейкіх "чырвоных ліній". Пуцін пакідае дзверцы ў беларускім пытанні прачыненымі - ва ўсякім разе, так гэта цяпер выглядае з боку», - уважае эксперт.

«Гэткая няпэўнасць не можа не палохаць Лукашэнку, асабліва ўлічваючы ягоную павышаную падазронасць. Нагадаю: кагадзе Лукашэнка, фактычна, абвінаваціў Байдэна ў намеры яго забіць і зладзіць вайсковы пераварот. І Пуцін дэ-факта падтрымаў гэтую версію публічна. Але цяпер гэтыя людзі цалкам спакойна абмяркоўваюць Лукашэнку за ягонай спінай. Правакацыйная расстаноўка сіл для свядомасці чалавека, схільнага верыць у самыя неймаверныя тэорыі змоў», - нагадаў Ігар Ільяш у сваім ТГ-канале.

«Што гэта будзе азначаць на практыцы? Улада будзе яшчэ мацней нэрвавацца, а значыць - рабіць новыя памылкі. Думаю, у наступныя тыдні нас чакае шмат цікавага», - прагназуе аналітык.

У сваю чаргу, палітолаг Валерый Карбалевіч упэўнены, што для ЗША Беларусь не стаіць у спісе прыярытэтаў. А значыць і шмат часу Джо Байдэн беларускаму крызісу надаваць не мерыцца. Дый кіраўнік Крамля напраўду не мае тых магчымасцяў уплыву, як кажуць расейскія СМІ.

«А ці здольны быў бы Пуцін у прынцыпе развязаць «беларускае пытанне», нават калі б ён пра гэта дамовіўся з Байдэнам? Той кароткі перыяд (жнівень-верасень 2020 года), калі расейскі прэзідэнт сапраўды мог паспрыяць адыходу Лукашэнкі, даўно прайшоў. Тое, што Пуціну нібыта дастаткова захацець, і ён скіне Лукашэнку, - гэта міф, які распаўсюджваецца расейскімі экспертамі , - піша Валерый Карбалевіч.

«Напраўду крамлёўскі ўладар не змог абараніць газпромаўскі банк на тэрыторыі Беларусі ад рэйдэрскага захопу, не мог дамагчыся вызвалення вагнэраўцаў, пакуль не змянілася сітуацыя. Цяпер не можа выбавіць з беларускай турмы расейскую грамадзянку Соф'ю Сапегу, затрыманую разам з Раманам Пратасевічам», - пералічыў аглядальнік хібы прэзідэнта РФ.

«Адзінае, што магло адбыцца ў беларускай справе падчас саміту ў Жэнэве, гэта абмен думкамі, пазіцыямі, магчыма, асцярогамі. Таму, мяркую, вялікія спадзяванні адных, як і вялікія асцярогі другіх - дарэмныя», - упэўнены Валерый Карбалевіч.

А аглядальнік Пётр Кузняцоў упэўнены, што на перамовы Байдэна і Пуціна абавязкова трэба глядзець у кантэксце таго, што адбылося ў гэты ж дзень. Нагадаем, што ўдзельнікі кантраляванага Расеяй «ЛНР» падзякавалі Аляксандру Лукашэнку за доступ да Рамана Пратасевіча.

«Дык вось, тое, што менавіта сёння «ЛНР» зрабіла такую заяву - гэта нават не «падстаўленне». Гэта пацверджанне таго, пра што я пісаў неаднаразова, пачынаючы з моманту інцыдэнту з Rynair: у новай сітуацыі праблема Беларусі - гэта вялікае і сур'ёзнае пытанне міжнароднага парадку дня, і немінуча стане аб’ектам торгу паміж Расеяй і Захадам, праз тое, што цана развязання пытання для захаду моцна ўзрасла», - піша ў сваім ТГ-канале аглядальнік.

«Тое, што адбылося сёння - прыём, які Расея ўжо неаднаразова ўжывала ў розных тыпах, варыянтах і сітуацыях. Павышэнне ставак па меры таргоў», - упэўнены Пётр Кузняцоў, нагадаўшы, як расеійскія войскі штурмавалі Дэбальцава проста падчас перамоў Парашэнкі ды Пуціна ў Менску.

«Маштабы, вядома, розныя, і вастрыня - розная, а вось існасць адна. У адказ на жаданне Захаду неяк развязаць беларускую праблему (нават калі сёння Пуцін з Байдэнам няшмат часу прысвяцілі яе абмеркаванню, як мінімум, пытанне было пазначанае, а напярэдадні з заявай выступілі супольна ЗША і ЕЗ, так што пытанне будзе разглядацца на больш тэхнічным узроўні ўжо пасля таго, як на самым вышэйшым узроўні будуць пазначаныя рамкі), Масква падкідвае паліва ў кацёл: глядзіце, ён жа яшчэ і з сэпаратыстамі такія справы вядзе! Што вы на гэта скажаце? Тавар у нас што трэба - танна не аддамо», - уважае аналітык.

«Са жніўня мінулага года з Менска толькі і чуліся стогны з нагоды таго, маўляў, што вакол Беларусі ідзе геапалітычная гульня. Якой, гульнёй, тады і не надта пахла. Захаду ўсякія выбухі нестабільнасці ў рэгіёне - як сярпом па тым жа месцы, якое некаторыя хацелі б у кагосьці бачыць сталёвым. Таму да самага апошняга моманту ён абазначаў сваю зацікаўленасць у пытанні вельмі ўмоўна - заявамі, заклапочанасцю і спрэс сымбалічнымі санкцыямі», - мяркуе Пётр Кузняцоў.

Апошнія навіны