BE RU EN

Кім Чэн Ын перапоўніў чашу цярпення Кітая

  • 18.06.2021, 20:23

КНДР страчвае адзінага гандлёвага партнёра.

Дыктатар КНДР Кім Чэн Ын, відаць, страчвае падтрымку Кітая - адзінага буйнога гандлёвага партнёра для паўночнакарэйскай эканомікі, дзе 25 мільёнаў чалавек вырабляюць у год 26 млрд даляраў ВУП - адну дзясятую гадавога даходу Apple, паведамляе finanz.ru.

Аб'ём знешняга гандлю Кітая з КНДР у студзені-траўні 2021 года абрынуўся на 84%, гэта значыць практычна ў 7 разоў, і склаў 51,59 млн даляраў, паведамляе ТАСС са спасылкай на мытную статыстыку КНР.

Закупкі паўночнакарэйскіх тавараў кітайскімі кампаніямі ўпалі на 60% і склалі нікчэмныя 7 млн даляраў.

Пастаўкі з Кітая ў КНДР абваліліся на 85%, да 44,45 млн даляраў.

Параліч двухбаковага гандлю, які пачаўся летась, паскараецца, вынікае з мытных звестак.

У траўні з Кітая ў КНДР было пастаўлена ў 20 разоў менш тавараў, чым у тым жа месяцы летась (на 2,71 млн даляраў), а імпарт з Паўночнай Карэі абрынуўся ў 6 разоў (да 749 тысяч даляраў).

Ад камуністычнага суседа, які абавязаны Кітаю сваім існаваннем, Пекін наважыў адвярнуцца, нягледзячы на тое, што ў краіне, адрэзанай ад свету санкцыямі і адсутнасцю інтэрнэту, рэзка пагоршыўся недахоп харчавання.

Паводле ацэнак паўднёвакарэйскай разведкі, якія прыводзіць Kyodo, праз неўраджай мінулага года ў КНДР не стае амаль мільёна тон прадуктаў.

Кім Чэн Ын у ходзе выступлення на пленуме ЦК Працоўнай партыі Карэі (ППК) назваў напружанай сітуацыю з забеспячэннем харчавання насельніцтва.

«Праз шкоду ад леташняга тайфуну не быў выкананы план вырошчвання збожжа», а падаўжэнне ўведзеных у рэспубліцы для прадухілення распаўсюджвання каранавіруса каранцінных захадаў «прывяло да зацягвання барацьбы за забеспячэнне насельніцтва адзеннем, харчаваннем і жыллём», сказаў ён.

У красавіку, звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі сакратароў парткамаў у Пхеньяне, Кім Чэн Ын заклікаў быць гатовымі да «цяжкага паходу» дзеля паляпшэння жыцця насельніцтва.

«Цяжкім паходам» называюць падзеі ў гісторыі КНДР у сярэдзіне 1990-х гадоў, калі краіна сутыкнулася з самым жорсткім эканамічным крызісам і масавым голадам, які забраў жыцці, паводле некаторых звестак, некалькіх соцень тысяч чалавек.

Апошнія навіны