BE RU EN

Цэнтр «Вектар»: у паловы добраахвотнікаў, якія атрымалі вакцыну «ЭпіВакКарона», праз дзевяць месяцаў не выявілі антыцелаў да COVID

  • 17.06.2021, 12:18

Звесткі агучыў генеральны дырэктар цэнтра.

Амаль у паловы добраахвотнікаў, якія атрымалі расейскую вакцыну ад каранавіруса «ЭпіВакКарона», распрацаваную новасібірскім навуковым цэнтрам «Вектар», праз 9 месяцаў не выявілі антыцелаў да каранавірусу. Пра гэта, як паведамляе «Інтэрфакс», паведаміў генеральны дырэктар цэнтра Рынат Максютаў.

«На 3 і 6 месяцаў мы фіксуем наяўнасць антыцелаў ва ўсіх вакцынаваных добраахвотнікаў. На 9 месяцаў больш чым у паловы добраахвотнікаў таксама назіраем дэтэктаваны ўзровень антыцелаў да віруса», - сцвярджае Максютаў.

«Новая газета» раней апублікавала падрабязны матэрыял аб вакцыне «ЭпіВакКарона». У ёй гаварылася пра тое, што патэнт на вынаходку з апісаннем вакцыны «ЭпіВакКарона» з'явіўся 7 снежня - пазней, чым пачаліся выпрабаванні на эфектыўнасць прэпарата.

У сакавіку добраахвотнікі, якія тэставалі вакцыну, папрасілі ў Міністэрства аховы здароўя апублікаваць вынікі экспэрыменту і арганізаваць незалежнае ад Расспажыўнагляду даследаванне. Праз месяц у міністэрстве адказалі, што прэпарат зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку, а яго эфектыўнасць і бяспека пацверджаныя, нягледзячы на тое, што многія з тых, хто прышчапіўся, скардзіліся, што ў іх не выпрацоўваюцца антыцелы.

На распрацоўку і вытворчасць пептыднай вакцыны «ЭпіВакКарона» выдаткавалі 3,5 млрд рублёў, але ў Расеі да канца траўня даступныя толькі 2 млн доз прэпарата.

Апошнія навіны