Эканаміст: Беларусь праз авіясанкцыі недаатрымае сотні мільёнаў даляраў
- 15.06.2021, 22:54
Выхадка Таракана моцна ўдарыць па «Белавія».
У сувязі з авіясанкцыімі, якія ўведзеныя Еўразвязам у дачыненні да Беларусі, краіна недаатрымае сотні мільёнаў даляраў. Такое меркаванне выказаў 15 чэрвеня эксперт Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus Зміцер Бабіцкі падчас онлайн-прэзентацыі свайго даследавання, паведамляе naviny.by.
Ён нагадаў, што заходнія авіякампаніі перасталі лётаць у паветранай прасторы над Беларуссю і таму не пералічваюць у бюджэт краіны плату за пралёт. «Паводле ацэнак, праз гэта краіна можа недаатрымаць 50–60 млн даляраў за год», – сказаў Бабіцкі.
Другі канал уплыву авіясанкцыяў на Беларусь, дадаў ён, – зборы, якія недаатрымае беларускі аэрапорт. Эксперт звярнуў увагу, што частка самалётаў раней пралятала Беларусь транзітам, і ў 2019 годзе блізу 5 млн пасажыраў перасякалі краіну транзітам.
«Беларусь можа недаатрымаць 50–100 млн даляраў праз страту прыбыткаў, звязаных з авіятранзітам», – выказаў меркаванне Бабіцкі.
Акрамя таго, дадаў ён, прыкладна столькі сама праз авіясанкцыі можа недаатрымаць нацыянальная авіякампанія «Белавія». «Цяпер пасажырскія авіяперавозкі ў свеце аднаўляюцца пасля пандэміі, але праз санкцыі "Белавія" не зможа скарыстацца магчымасцямі, якія з'явіліся ў іншых кампаній», – канстатаваў Бабіцкі.
Нагадаем, у траўні Еўрапейская рада заклікала ўсіх авіяперавознікаў, якія базуюцца ў ЕЗ, унікаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвязу. У пачатку чэрвеня Рада Еўразвязу афіцыйна забараніла ўсім беларускім авіяперавознікам пралёт над тэрыторыяй Еўразвязу і доступ у аэрапорты ЕЗ.
Пералічаныя авіясанкцыі былі ўведзеныя пасля таго, як 23 траўня самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. Пазней мінаванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта.
Дырэктар авіякампаніі Ryanair Майкл О`Ліры на пасяджэнні транспартнага камітэта Палаты супольнасцяў парламента Вялікай Брытаніі 15 чэрвеня даў паказанні пра сітуацыю з вымушанай пасадкай самалёта ў Менску. Ён заявіў пра наўмыснае парушэнне ўладамі Беларусі ўсіх міжнародных авіяцыйных правілаў і нормаў бяспекі.
О`Ліры адзначыў, што рэйсы Ryanair, якія адхіляюцца ў тым пункце, звычайна прызямляюцца ў Польшчы і краінах Балтыі, але на камандзіра судна «рабіўся значны ціск», каб ён прызямліўся ў Менску. «Яму не загадвалі зрабіць гэта, але яму не пакінулі ніякай альтэрнатывы», – падкрэсліў ён на пасяджэнні камітэта.