З Беларусі перанеслі ў іншую краіну яшчэ адзін чэмпіянат свету
- 15.06.2021, 14:52
Чэмпіянат быў запланаваны на верасень-кастрычнік у Менску.
З Беларусі перанеслі ў іншую краіну яшчэ адзін чэмпіянат свету. На гэты раз адмовілася ад правядзення спаборніцтваў у нашай краіне Міжнародная федэрацыя паўэрліфтынгу. Чэмпіянат свету ў класічным паўэрліфтынгу быў запланаваны на верасень-кастрычнік у Менску. Аднак пройдзе ў Швэцыі, паведамляе «Еўрарадыё».
Міжнародная федэрацыя спасылаецца на «існую палітычную сітуацыю» ў нашай краіне і называе пастанову «цяжкай». Аднак падкрэслівае, што адказвае «за здароўе і бяспеку спартоўцаў, трэнераў і афіцыйных асоб», а ў Беларусі з бяспекай могуць узнікнуць праблемы. Таму і была прынятая «Адзіная лагічная пастанова».
Класічны паўэрліфтынг - гэта тып сілавога трохбор'я, у які ўваходзяць тры практыкаванні са штангай.
Раней наша краіна ўжо пазбавілася чэмпіянату свету ў хакеі, у сучасным пяцібор'і, засталася без каманднага чэмпіянату Еўропы ў настольным тэнісе, першынства Еўропы ў велатрэку. З Беларусі перанеслі этап Кубка свету ў біятлоне. Вымушана пераносіць/касаваць таварыскія і афіцыйныя матчы Беларуская федэрацыя футбола. Хакейнае «Юнацтва» засталося без Лігі чэмпіёнаў.