Стала вядома, хто адгаварыў Байдэна ад сумеснага брыфінгу з Пуціным у Жэневе
- 15.06.2021, 10:35
Амерыканскі лідар кансультаваўся з групай экспэртаў што да Расеі.
Для падрыхтоўкі да заўтрашняй асабістай сустрэчы ў Жэневе з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным амерыканскі лідар Джо Байдэн кансультаваўся з групай «экспэртаў што да Расеі», куды ўвайшлі і экс-чыноўнікі адміністрацыі мінулага гаспадара Белага дома Дональда Трампа. Выданне Axios назвала не менш як частку гэтых асоб.
Спасылаючыся на крыніцы, рэсурс піша, што менавіта яны, «не па чутках знаёмыя з тактыкай і выкрутамі былога палкоўніка КДБ», яшчэ да паездкі Байдэна на саміт G7 у Брытаніі адгаварылі яго ад выніковай сумеснай прэс-канферэнцыі з Пуціным.
Зроблена гэта было для таго, каб «не даваць ніякай магчымасці паспрабаваць перакрыць прыватныя перамовы новымі публічнымі прапановамі».
З Байдэнам, сцвярджаюць журналісты, сустрэліся (некаторыя анлайн) «амаль тузін» экспэртаў. Сярод іх:
Майкл Макфол (амбасадар ЗША ў Маскве часоў 44-га прэзідэнта Барака Абамы);
Джон Тэфт (таксама);
Роўз Готамюлер (экс-першы намеснік генеральнага сакратара NATO, цяпер экспэрт у кантролі над узбраеннямі пры Стэнфардскім універсітэце);
Эрык Грын (старэйшы дырэктар РФ Рады нацыянальнай бяспекі ЗША);
Фіёна Хіл (экс-супрацоўніца Рады нацыянальнай бяспекі ЗША; у 2018 годзе ездзіла з Трампам на сустрэчу з Пуціным у Хельсінкі).
Некаторыя ўдзельнікі сустрэч з Байдэнам нібыта выказаліся за «пошук дадатковых магчымасцяў узаемадзеяння з Расеяй» - ад студэнцкіх абменаў да аднаўлення дыпламатычных і консульскіх пасад. Іншыя настойвалі на падыходзе, які «пры кожнай магчымасці выказвае жорсткасць».
Экспэрты «агулам пагадзіліся з падыходам, які павінен прыняць Байдэн: адкрытыя размовы, якія не пакідаюць Пуціну сумненняў у тым, якая пазіцыя Байдэна», удакладняе выданне.
Байдэн у пачатку чэрвеня 2021-га заявіў, што «ясна дасць зразумець» Пуціну: ЗША не дазволяць парушаць правы чалавека.
Перад сустрэчай з Пуціным ён пагаварыў праз тэлефон з прэзідэнтам Зяленскім. МЗС Польшчы ўважае «памылкай» Байдэна тое, што з Зяленскім ён сустрэнецца пасля Пуціна.
12 чэрвеня кіраўнік украінскага МЗС Кулеба заявіў, што ніякіх дамоўленасцяў паміж Пуціным і Байдэнам за спінай Украіны не будзе. Ён спадзяецца, што «Байдэн дасць зразумець Пуціну - прыйшоў час сысці з Украіны».
14 чэрвеня пасля саміту G7 Байдэн сказаў, што Расея «адкусіла столькі праблем, што ёй будзе цяжка перажаваць».
У той жа дзень пасля саміту NATO ён заявіў, што вайна на Данбасе і акупацыя часткі тэрыторыі не выключае ўступлення Украіны ў Альянс.