Прэзідэнт Сальвадора даручыў здабываць крыптавалюту з дапамогай энэргіі вулканаў
- 11.06.2021, 20:29
На яго думку, гэта танна і 100% чыста.
Прэзідэнт Сальвадора Найіб Букеле прыдумаў незвычайны спосаб здабычы крыптавалюты - за кошт энэргіі вулканаў. Ён даручыў кампаніі LaGeo заняцца гэтым, піша nv.ua.
На сваёй старонцы ў Twitter прэзідэнт удакладніў, што такая энэргія з'яўляецца «таннай, 100% чыстай і аднаўляльнай».
Кампанія LaGeo кіруе двума геатэрмальнымі электрастанцыямі, размешчанымі ў рэгіёнах Ахуачапан і Бэрлін. Рэсурсны патэнцыял кампаніі - 644 МВт, але на гэты момант яна выкарыстоўвае ўсяго толькі яго траціну.
Са слоў Букеле, інжынеры будуюць новую свідравіну: яе эксплуатацыя забяспечыць выпрацоўку нібыта 95 МВт.
«Пачынаем стварэнне поўнамаштабнага хаба па майнінгу біткойна», - заявіў ён.