Літва ацэньвае ўзмацненне аховы мяжы з Беларуссю на 11,5 млн еўраў
- 11.06.2021, 14:30
Ахова літоўска-беларускай мяжы ўжо ўзмоцненая.
Міністэрства ўнутраных спраў Літвы просіць Мінфін выдзеліць дадатковыя 11,5 млн еўраў на ахову мяжы з Беларуссю. Таксама Мінфін просяць выдзеліць дадатковыя 2,8 млн еўра на заробкі літоўскім памежнікамі і выдаткі, звязаныя з нелегальнымі мігрантамі, паведамляе Служба аховы дзяржмяжы Літвы.
Міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ адзначыла, што Літва не можа сабе дазволіць умацоўваць літоўска-беларускую мяжу цягам 10 гадоў, як планавалася.
«Нестабільная і непрадказальная палітычная сітуацыя ў суседняй Беларусі змушае Літву, якая абараняе не толькі сваю мяжу, але і мяжу ўсяго Еўрапейскага Звязу, дзейнічаць як мага хутчэй і ў самыя кароткія тэрміны ўмацаваць адрэзак мяжы, каб спыніць незаконныя міграцыйныя плыні. Гэта наша асноўная мэта і задача. Маючы такога суседа, мы павінны ўвесь час быць гатовыя да сюрпрызаў», - заявіла кіраўніца літоўскага МУС.
Ахова літоўска-беларускай мяжы ўжо ўзмоцненая. Акрамя памежнікаў, адрэзак патрулююць супрацоўнікі Службы грамадскай бяспекі і чальцы Саюза стралкоў. Плануецца прыцягнуць паліцыянтаў да патрулявання ў раёне Дзевянішскай завесы.
Сёлета літоўскія памежнікі затрымалі больш за 300 нелегальных мігрантаў з Беларусі. Гэта ў чатыры разы больш, чым за ўвесь мінулы год.