BE RU EN

Садык Хан зноў перамог на выбарах мэра Лондана

  • 9.05.2021, 19:41

Ён будзе кіраваць сталіцай Вялікай Брытаніі да 2024 года.

Дзейны мэр Лондана, кандыдат ад Лейбарысцкай партыі Садык Хан другі раз перамог на выбарах кіраўніка брытанскай сталіцы. Такім чынам 51-гадовы палітык, які ўпершыню стаў лонданскім мэрам у 2016 годзе, застанецца на гэтай пасадзе яшчэ тры гады, паведамляе BBC.

Звычайна мэра Лондана абіраюць на чатыры гады, аднак папярэдні тэрмін Хана быў падоўжаны на год праз скасаванне выбараў у 2020 годзе на фоне пандэміі каранавірусу.

Асноўным канкурэнтам Хана быў кандыдат ад кансерватараў Шон Бэйлі, ён заняў другое месца.

Хоць жыхары Лондана хадзілі на выбарчыя ўчасткі толькі адзін раз, у чацвер на гэтым тыдні, выбары мэра прайшлі ў два туры. Паводле брытанскай сістэмы, пры галасаванні за мэраў гарадоў жыхары могуць падтрымаць адразу двух кандыдатаў, паказаўшы сваю першую і другую перавагу. Калі паводле вынікаў першага тура, калі лічыцца першая перавага, ні адзін з прэтэндэнтаў не набірае 50% галасоў, пачынаецца другі тур, калі падлічваюць другія перавагі выбарнікаў.

Паводле вынікаў другога тура Хан набраў 55,2% галасоў выбарнікаў (або блізу 1,2 млн), а Бэйлі – 44,8% (блізу 977 тысячаў).

"Дзякуй, Лондан. Для мяне абсалютны гонар служыць гораду, які я люблю, яшчэ тры гады", – напісаў Хан у сябе ў Твітары.

Бэйлі павіншаваў свайго канкурэнта з перамогай. "Вы павінны былі сам развязваць праблемы, а не перакладаць адказнасць на ўрад. Так што я спадзяюся, што вы справіцеся са сваімі абавязкамі", – таксама звярнуўся ён да Хана.

Ці не занадта пераканальная перамога

Садык Хан уважаўся за фаварыта цягам усёй кампаніі. Пасля абрання ў 2016 годзе ён стаў першым мусульманінам, які ўзначаліў еўрапейскую сталіцу.

Як паведамляюць карэспандэнты Бі-бі-сі, перамога Хана стала чаканай, аднак яго канкурэнт-кансерватар Шон Бэйлі атрымаў нашмат больш галасоў, чым прагназавалася. Бэйлі раней працаваў з моладдзю, ён вырас у бедным лонданскім раёне і калі яму было блізу 20, цягам некалькіх гадоў заставаўся бяздомным. Кандыдат расказваў, што ў гэты перыяд яму аднойчы давялося "біцца на стаянцы з гандляром наркотыкамі".

Адным з кандыдатаў на пасаду мэра Лондана быў нараджэнец Баку Кямран (Кам) Балаеў, ён балатаваўся ад партыі Renew. На сваёй перадвыбарнай старонцы Балаеў расказвае, што раней працаваў у Міністэрстве юстыцыі Азербайджана і скончыў Кембрыджскі ўніверсітэт. На выбарах ён стаў трэцім з канца з 20 кандыдатаў і атрымаў блізу 7,7 тыс. галасоў.

Поўныя вынікі выбараў мэра Лондана можна даведацца тут.

Асабліва трывожным для Хана стане той факт, што дзейныя мэры ў іншых рэгіёнах Вялікай Брытаніі, у тым ліку Манчэстэры і графстве Уэст-Мідлэндс (уключае ў сябе Бірмінгем), наадварот, павялічылі, колькасць сваіх выбарнікаў.

Падчас свайго знаходжання на пасадзе мэра Лондана Хан неаднаразова крытыкаваў урад краіны, у тым ліку праз каранавірусныя абмежаванні. Ён таксама паслядоўна выступаў супраць Брэксіту.

У сваю чаргу апазіцыя абвінавачвала мэра ў тым, што за час ягонага знаходжання на пасадзе ў горадзе вырасла злачыннасць, у тым ліку з выкарыстаннем халоднай зброі. Лейбарысты адказвалі на гэтыя сцвярджэнні, што рост гвалту ў Лондане звязаны з масавымі скарачэннямі ліку супрацоўнікаў паліцыі, зробленымі ўрадам кансерватараў у межах кампаніі скарачэння бюджэтнага дэфіцыту.

Апошнім і пакуль адзіным мэрам Лондана – кансерватарам быў цяперашні прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан. Ён узначальваў брытанскую сталіцу цягам двух тэрмінаў, з 2008 да 2016 года. У тым ліку ён актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі Летніх алімпійскіх гульняў у Лондане ў 2012 годзе.

Да Джонсана мэрам Лондана быў лейбарыст Кен Лівінгстан, ён атрымаў гэты пост у 2000 годзе, калі пасада абранага кіраўніка горада брытанскай сталіцы была ўпершыню створаная.

Апошнія навіны