Амерыканскія дэсантнікі высадзіліся ў Эстоніі: відэа
- 8.05.2021, 18:47
Адпрацоўваецца абарона Эстоніі ў выпадку крызіснай сітуацыі.
У ноч на суботу, у рамках вучэнняў Swift Response, Узброеныя сілы ЗША высадзілі на аэрадроме Нурмсе ў Эстоніі паветраны дэсант, які налічваў да 700 вайскоўцаў 82-й дывізіі ВДВ. Таксама была скінутая баявая тэхніка і рыштунак, паведамляе sprotyv.info.
Дэсант быў дастаўлены самалётамі, якія прыбылі ў Эстонію наўпрост з Паўночнай Караліны. Высадка была праведзеная ў тактычнай абстаноўцы, максімальна набліжанай да рэальнай.
Удзень амерыканскіх жаўнераў на верталётах пераправілі з Нурмсе на Цэнтральны палігон.
У рамках Swift Response адпрацоўваецца абарона Эстоніі ў выпадку крызіснай сітуацыі. У вучэннях бяруць удзел блізу 2 500 вайскоўцаў Сіл абароны Эстоніі, ЗША і Вялікай Брытаніі, а таксама больш за 20 самалётаў і 25 гелікаптэраў.
З эстонскіх частак у вучэннях бяруць удзел 1-я пяхотная брыгада разам з дыслакаванай у краіне баявой групай хаўруснікаў NATO і камандаваннем спецыяльных аперацый.
Вучэнні наведаюць камандуючы войскам ЗША ў Еўропе і Афрыцы генерал Крыстафер Кавалі, камандуючы 8-м паветрана-дэсантным корпусам генерал-лейтэнант Майкл Курыла і камандзір 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі генерал-маёр Крыстафер Донах'ю.
Адзначым, што вучэнні Swift Response з'яўляюцца складовай часткай серыі вучэнняў ЗША Defender Europe 21, найбуйнейшых амерыканскіх вучэнняў у Еўропе за апошнія 25 гадоў. Яны будуць праходзіць адначасова ў 16 еўрапейскіх краінах з удзелам 28 000 вайскоўцаў.
Акрамя Эстоніі, паветрана-дэсантныя аперацыі пройдуць у Баўгарыі і Румыніі.
Іх мэтай з'яўляецца адпрацоўка аператыўнага перакідання сіл ЗША ў гарачыя месцы, а таксама гатоўнасці нацыянальных сіл і інфраструктуры прымаць хаўруснікаў.
Вучэнні Swift Response скончацца 14 траўня.