BE RU EN

Украіна перастае набываць беларускую электрычнасць

  • 7.05.2021, 18:05

У параўнанні з сакавіком красавіцкі імпарт электрычнасці з Беларусі знізіўся больш чым у шэсць разоў.

За красавік 2021 года Украіна імпартавала 8,112 млн кілават-гадзінаў беларускай электраэнэргіі, сведчаць абноўленыя звесткі на сайце Нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укрэнэрга», паведамляе naviny.online.

У параўнанні з сакавіком красавіцкі імпарт электрычнасці з Беларусі знізіўся больш чым у 6 разоў (менш на 84,2%), з лютым – больш чым у 33 разы (-97%), са студзенем – больш чым у 22 разы (-95, 5%).

Усяго ў красавіку Украіна імпартавала 39,999 млн квт∙г электраэнэргіі з пяці краінаў: Славакіі (35,55% усяго аб'ёму паставак), Вугоршчыны (31,87%), Беларусі (20,28%), Румыніі (11,38%) і Расеі (0,93%). Калі ў студзені-лютым Беларусь была найбуйнейшым пастаўшчыком электраэнэргіі на ўкраінскі рынак, у сакавіку – другім, то паводле вынікаў красавіка яна апусцілася на трэцюю пазіцыю.

Украіна пачала імпартаваць электрычнасць з Беларусі ў рэжыме камерцыйных паставак у сярэдзіне 2019 года. У красавіку 2020-га Нацыянальная камісія Украіны, якая ажыццяўляе дзяржрэгуляванне ў сферы энэргетыкі і камунальных паслуг (НКРЭКП), прыняла пастанову наконт прыпынення імпарту з Беларусі.

5 студзеня 2021 года «Укрэнэрга» абвясціла пра аднаўленне імпарту з Беларусі ў сувязі з тым, што красавіцкая пастанова НКРЭКП страціла сілу з пачатку года.

У сярэдзіне сакавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў адказе на запыт аднаго з народных дэпутатаў падкрэсліў, што падтрымлівае пазіцыю датычна абмежавання імпарту электраэнэргіі з дзяржаваў, якія не з'яўляюцца чальцамі Энэргетычнай супольнасці – міжнароднай арганізацыі, якая аб'ядноўвае Еўразвяз і краіны-суседкі ў мэтах стварэння адзінага агульнаеўрапейскага энэргетычнага рынку. Беларусь і Расея ў гэтую арганізацыю не ўваходзяць.

«У сувязі з гэтым я звярнуўся да прэм'ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля з просьбай усебакова разгледзець пытанні, узнятыя ў вашым дэпутацкім запыце, і ўвесці комплекс дзейсных захадаў для... абмежавання імпарту электрычнай энэргіі з дзяржаваў, якія не з'яўляюцца чальцамі Энэргетычнай супольнасці», – гаварылася ў адказе Зяленскага.

15 красавіка Вярхоўная рада Украіны прыняла папраўкі ў заканадаўства, даўшы НКРЭКП паўнамоцтвы абмяжоўваць доступ да міждзяржаўных электраэнэргетычных сувязяў. Гэты механізм быў уведзены для тэхнічнай забароны імпарту электрычнасці з Беларусі і Расеі, аднак, нягледзячы на чаканні аўтараў заканадаўчых паправак, украінскі рэгулятар да гэтага часу не прыняў адпаведную пастанову.

Апошнія навіны