Названыя сем самых карысных прадуктаў траўня
- 7.05.2021, 14:10
Адзін з прадуктаў - радыска.
Без гародніны і зеляніны проста немагчыма ўявіць рацыён харчавання чалавека. Яны насычаюць арганізм карыснымі рэчывамі і вітамінамі, якія павышаюць наш імунітэт. Пра тое, якія прадукты варта абавязкова набыць у траўні, піша smak.ua.
Дзьмухаўцы
Універсальны прадукт, бо ў ежу выкарыстоўваюць лісце, кветкі, сцёблы і нават карані дзьмухаўца. З лісця атрымліваецца смачная салата, кветкі ідэальныя для гатавання варэння.
У дзьмухаўцы змяшчаюцца вітаміны С і В2, В6 і Р, караціноіды, кальцый, фосфар, марганец, медзь, бор, нікель. Таксама ён багаты на бялкі, вугляводы, дубільныя рэчывы, арганічныя кіслоты. Дзьмухаўцы карысныя для тых людзей, якія пакутуюць ад анеміі ці інтаксікацыі арганізма.
Шчаўе
У шчаўі змяшчаюцца вітаміны А, В1, В2, В6, а таксама натрый, фосфар, жалеза, цынк, ёд, медзь, фтор. Шчаўе багатае на цытрынавую, аскарбінавую і шчаўеваю кіслату. Яно ўмацоўвае зрок і паляпшае склад крыві, лечыць бессань і аднаўляе жаночы цыкл.
Шчаўе карыснае для сэрца і сасудаў, выкарыстоўваецца як абязбольвальнае, антыалергенны сродак. Са шчаўя можна прыгатаваць вялікую колькасць страў: ад капусты і да соусаў.
Крапіва
У складзе крапівы знаходзяцца кальцый, селен, цынк, жалеза, фосфар, медзь, хлор, дзякуючы чаму яна эфектыўная пры хваробах печані і мачавога пухіра. Таксама крапіва паляпшае страваванне, падвышае імунітэт, нармалізуе абмен рэчываў, спыняе крывацёк.
У кулінарыі, як правіла, выкарыстоўваюць толькі маладое лісце крапівы. З яго смачнымі атрымліваюцца першыя стравы, соусы і салаты.
Радыска
У радысцы змяшчаюцца вітаміны С, В, РР, калій, фосфар, натрый, магній, жалеза. Сок радыскі паляпшае страваванне, здымае запаленне.
Радыска валодае антымікробнымі ўласцівасцямі, яна паляпшае працу сэрца і ўмацоўвае сценкі сасудаў. Аднак радыска проціпаказаная людзям, якія пакутуюць ад захворванняў печані, нырак і страўнікава-кішачнага тракту.
Спаржа
У яе складзе знаходзяцца вітаміны С, А, жалеза, калій, антыаксіданты. Таксама спаржа багатая на каратын і фоліевую кіслату, харчовую абалоніну. Са спаржы гатуюць розныя закускі, супы, дэсерты, гарніры да мяса, начынне для пірагоў. Больш падрабязна аб гэтым дзіўным прадукце чытайце ў нашым папярэднім матэрыяле.
Капуста
У капусце змяшчаюцца вітаміны С, В1, В2, РР, фоліевая кіслата. Таксама капуста багатая на калій, кальцый, цынк, жалеза і фосфар. Рэгулярнае ўжыванне капусты дапаможа ўмацаваць сасуды і палепшыць працу сэрца. Капуста эфектыўна выводзіць халестэрын з арганізма, валодае абязбольвальным дзеяннем.
З капусты гатуюць проста неймаверную колькасць страў. Яе вараць, тушаць, выкарыстоўваюць у якасці начынкі для выпечкі або проста дадаюць у салаты.
Шпінат
У склад шпінату ўваходзяць вітаміны С, В1, В2, В6, D2, абалоніна, ёд, жалеза, каратын і фоліевая кіслата. Шпінат умацоўвае зубы, дзясны, сасуды, рэгулюе працу страўнікава-кішачнага тракту, паляпшае зрок. Са шпінату смачнымі атрымліваюцца салаты, соусы і пасты.