BE RU EN

22 гады таму быў выкрадзены Юрый Захаранка

  • 7.05.2021, 9:04

Былы баец СОБРу Юрый Гараўскі распавёў, што экс-міністр унутраных спраў Беларусі быў забіты «эскадронамі смерці».

7 траўня 1999 года экс-міністр унутраных спраў Юрый Захаранка знік па дарозе дадому, у раёне вуліцы Магілёўскай у Менску. На той момант яму было 47 гадоў.

Юры Захаранка пачынаў сваю кар'еру следчым, узначальваў следчы аддзел, да 1991 года быў начальнікам управы ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. Затым - начальнікам Следчай управы, а пасля ўзначальваў Следчы камітэт МУС Беларусі.

Адразу пасля абрання Лукашэнкі быў прызначаны на пасаду міністра ўнутраных спраў. У кастрычніку 1995 года Лукашэнка адправіў Захаранку ў адстаўку, а пазней былы міністр быў паніжаны ў рангу да палкоўніка міліцыі і звольнены з МУС.

Неўзабаве пасля гэтага Юры Захаранка перайшоў на бок апазіцыі. У лютым 1998 года ён узначаліў камітэт бяспекі ў складзе «ценявога ўрада». Вясной 1999 года Захаранка актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі для выбараў прэзідэнта, уваходзіў у каманду былога прэм'ер-міністра Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы для збору подпісаў. 7 траўня 1999 года ён патэлефанаваў дадому, сказаў жонцы: «Неўзабаве прыйду, грэй вячэру», але дадому так і не вярнуўся.

У 1999 - 2000 гадах у Беларусі бясследна зніклі выканаўца абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі, былы кіраўнік МУС Юрый Захаранка і журналіст Зміцер Завадскі.

Пасля былі апублікаваныя дакументы, у тым ліку рапарт намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Лапаціка, якія сведчылі, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі расправіўся «эскадрон смерці». Загады яму аддавала вышэйшае кіраўніцтва краіны.

17 снежня 2019 года «Нямецкая хваля» апублікавала сенсацыйнае прызнанне былога байца СОБРу Юрыя Гараўскага.

У верасні 2019 гады Юры Гараўскі звярнуўся ў расейскую рэдакцыю «Нямецкай хвалі», заявіўшы, што 20 гадоў таму ўдзельнічаў у выкраданнях і забойствах беларускіх апазіцыянераў - апанентаў Лукашэнкі. Гараўскі сцвярджае, што ў 1999-2003 гадах быў байцом СОБРа - спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Са слоў Гараўскага, на загад зверху разам з таварышамі са службы ён выкраў і забіў экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранку, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазіцыю.

Увесну і ўвосень 1999 гады гэтыя тры чалавекі прапалі. Расследаванне іх знікненняў у Беларусі да канца даведзена не было. У 2004 годзе спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстас Пургурыдэс, вывучыўшы ўсе абставіны, прыйшоў да высновы, што Захаранка, Ганчара і Красоўскага выкралі і забілі байцы СОБРу пад камандаваннем падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі з ведама кіраўніцтва краіны. Такую версію падзяляюць праваабаронцы і родныя зніклых, але давесці яе пакуль не ўдалося.

41-гадовы Юрый Гараўскі ўцёк з Беларусі ў Еўропу, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Ён паказаў DW арыгіналы і копіі некаторых дакументаў, якія пацвярджаюць яго сцверджанні.

Апошнія навіны