BE RU EN

«Суперчацвер» у Брытаніі: Лондан выбірае мэра, а Шатландыя – парламент

  • 6.05.2021, 17:18

Пандэмія, натуральна, адбілася на тым, як гэтым разам арганізаванае галасаванне.

Па ўсёй Брытаніі ў гэты чацвер праходзяць выбары розных узроўняў, у тым ліку такія палітычна важныя і маштабныя, як выбары парламентаў Шатландыі і Уэльса і мэраў Лондана і Бірмінгема. Пасля галасавання будуць судзіць, колькіх выбарцаў кіроўныя кансерватары на чале з Борысам Джонсанам страцілі або набылі ў выніку бурных падзей апошняга года: локдаўнаў, скандалаў, паспяховай прышчэпачнай кампаніі і канчатковага выхаду з ЕЗ з усімі яго наступствамі, паведамляе BBC.

Аднак пра тое, якія перспектывы кансерватараў, апазіцыянераў-лейбарыстаў на чале з новым лідарам Кірам Стармерам і іншых партый і кандыдатаў, у дзень выбараў ВВС і іншыя кампаніі вяшчання распавядаць не павінны.

Таму цяпер - толькі сухія факты, а ўсё іншае з'явіцца пасля закрыцця ўчасткаў і апублікавання вынікаў.

Шатландыя - выбары за і супраць рэферэндуму

Частка гэтых выбараў, у тым ліку выбары парламента Шатландыі і мэра Лондана, былі перанесеныя з мінулага года праз пандэмію.

Палітычна самыя важныя выбары ў гэты «суперчацвер», як яго называе брытанская прэса - гэта, вядома, выбары парламента Шатландыі. Ад іх вынікаў залежыць, наколькі гучна і пераканаўча шатландскія сепаратысты змогуць запатрабаваць ад Лондана згоды на новы рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі.

Жыхары Уэльса таксама абіраюць рэгіянальны парламент - Сенед. У ім - 60 дэпутатаў, і ва Уэльсе традыцыйна кіруюць лейбарысты, а нацыяналістычная Партыя Уэльса, або Плайд Камры, да ўлады пакуль не дабіралася.

Жыхары 13 гарадоў і агламерацый 6 траўня выбіраюць наўпрост сваіх мэраў.

Самыя вялікія ў колькасці выбарцаў - гэта, вядома, выбары мэра 9 мільённага Лондана (а таксама 25 дэпутатаў гарадской Асамблеі).

Цяперашні мэр, лейбарыст Садык Хан, ідзе на другі тэрмін, а сарваць ягоныя планы спадзяюцца амаль два дзясяткі іншых кандыдатаў.

Другія ў колькасці выбарцаў і важнасці выбары мэра - гэта выбары кіраўніка Уэст-Мідлендс, трохмільённай агламерацыі Бірмінгема.

Мясцовыя рады, глабальныя высновы

У чацвер брытанцы выбіраюць і прыкладна 2 тысячы дэпутатаў 143 мясцовых радаў рознага ўзроўню. Усяго ў Брытаніі больш за дзве тысячы муніцыпалітэтаў.

Мясцовыя рады займаюцца мясцовымі ж, камунальнымі пытаннямі, і на іх выбарах людзі часцей за ўсё галасуюць, думаючы пра развязанне мясцовых праблем - але і на вынікі гэтых выбараў палітычныя аглядальнікі заўсёды глядзяць у тым ліку пад агульнанацыянальным вуглом: колькі месцаў набылі ці страцілі асноўныя партыі, перш за ўсё кансерватары і лейбарысты.

Яшчэ адны выбары стаяць асабняком - гэта перавыбары дэпутата Палаты абшчын у горадзе Хартлпуле на поўначы Англіі. Брытанскія аглядальнікі ўважаюць іх у пэўнай ступені за сімвалічныя: яны павінны паказаць, ці мяняюцца суадносіны сіл паміж кансерватарамі і лейбарыстамі ў гэтым рэгіёне.

Кавідныя правілы

Пандэмія, натуральна, адбілася на тым, як гэтым разам арганізаванае галасаванне.

На многіх выбарчых участках устаноўленыя плексігласавыя шчыты, якія падзяляюць чальцоў камісій і выбарцаў, уваходы і выхады арганізаваныя так, каб плыні людзей, калі яны раптам узнікнуць, не перасякаліся, і ў памяшканні выбарчага ўчастка загадана быць у масцы.

Праўда, Выбарчая камісія Вялікай Брытаніі запэўніла, што нікога, хто адмовіцца ад маскі, не выганяць: канстытуцыйнае права голасу важнейшае.

Акрамя таго, выбарцаў заклікалі па магчымасці прыходзіць з уласнымі алоўкамі ці асадкамі. Але, зноў такі, калі хто забыўся ўзяць асадку, права голасу яго не пазбавяць - выдадуць казённую.

Апошнія навіны