BE RU EN

ЕЗ упершыню дапусціў трэція краіны да агульнага абароннага праекту

  • 6.05.2021, 14:14

Гэта стане «квантавым скачком» для мабільнасці іх войскаў унутры Еўразвязу.

Злучаныя Штаты, Канада і Нарвегія стануць першымі краінамі, якія далучацца да ўдзелу ў супольных абаронных праектах Еўразвязу PESCO. Пастанову запрасіць іх прынялі міністры абароны ЕЗ на пасяджэнні Рады Еўразвязу ў чацвер, 6 траўня, паведамляе dw.com.

Гаворка ідзе пра флагманскі праект вайсковай мабільнасці. Ён павінен забяспечыць хуткую і бесперашкодную перакідку войскаў і ўзбраенняў унутры Еўразвязу. Гаворка ідзе пра ўсе тыпы транспарту: чыгунцы, аўтатранспарт, самалёты і караблі. Кіруюць гэтым праектам Нідэрланды, менавіта яны запросяць да ўдзелу ЗША, Канаду і Нарвегію. Раней Вашынгтон, Атава і Осла звярнуліся з просьбай дапусціць іх да гэтага праекту, які адыгрывае ключавую ролю і для NATO.

Удзел ЗША, Канады і Нарвегіі ў праграме ЕЗ - «квантавы скачок»

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль адзначыў, што прафесійныя веды і досвед ЗША, Канады і Нарвегіі паспрыяюць развіццю праекта і «паляпшэнню вайсковай мабільнасці ўнутры ЕЗ і за яго межамі». «Гэта сфера агульнага інтарэсу ў нашых трансатлантычных дачыненнях, а таксама прыярытэт, які мы падзяляем. Гэта зробіць абарону ЕЗ больш эфектыўнай і будзе садзейнічаць умацаванню нашай бяспекі», - дадаў Барэль.

Міністр абароны Нямеччыны Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр (Annegret Kramp-Karrenbauer) назвала ўдзел трох чальцоў NATO ў праекце ЕЗ «квантавым скачком» у абаронным супрацоўніцтве, а таксама «яшчэ адным вялікім крокам у трансатлантычных сувязях і супрацоўніцтве паміж Еўразвязам і ЕЗ.

Нагадаем, што ЕЗ запусціў сталае структурнае супрацоўніцтва (Permanent Structured Cooperation, PESCO) у абароне ў 2017 годзе. Удзельнічаюць у ім 25 з 27 дзяржаў ЕЗ. Адным з галоўных элементаў PESCO з'яўляюцца абаронныя праекты, якія здзяйсняюцца дзяржавамі разам. У кожным з некалькіх дзясяткаў праектаў удзельнічаюць розныя краіны. У лістападзе 2020 года ЕЗ пагадзіўся дапускаць да праектаў трэція краіны. Асноўная ўмова - што не чальцы Еўразвязу прыўнясуць у праект «значную дададзеную вартасць». І ЕЗ, і NATO пачалі актыўна развіваць вайсковую мабільнасць пасля анэксіі Крыма Расеяй і пачатку вайны на Данбасе».

Апошнія навіны