У Польшчы пацверджаны дзве ўспышкі індыйскай мутацыі каранавіруса
- 5.05.2021, 10:05
Штам зафіксаваны ў ваколіцах Варшавы і ў Катавіцы.
У Польшчы пацверджаны дзве ўспышкі індыйскай мутацыі каранавіруса. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі. Паводле ягоных слоў, у ваколіцах Варшавы і Катавіцы выяўлена 16 выпадкаў заражэння індыйскім штамам, паведамляе «Польскае радыё».
«Дагэтуль даследаваныя 14 узораў з гэтых двух асяродкаў, якія пацвярджаюць, што гэта - індыйскі штам. Агулам, дагэтуль зафіксаваныя 16 выпадкаў заражэння індыйскай мутацыяй каранавіруса», - сказаў кіраўнік польскага Міністэрства аховы здароўя.
Пры гэтым ён растлумачыў, што вышэйпаказаная колькасць інфікаваных уключае два выпадкі заражэння сваякоў дыпламата, які вярнуўся з Індыі.
Адам Нядзельскі падкрэсліў патрэбу асаблівай увагі да новых мутацый каранавіруса, нагадаўшы, што трэцяя хваля пандэміі была выкліканая менавіта брытанскім штамам.