BE RU EN

Літва не пусціла грузавік з Беларусі: ён можа выкарыстоўвацца як вайсковы

  • 3.05.2021, 17:01

Гэта не першы аўтатранспарт з Беларусі, які трапляе пад вызначэнне «прадукцыя падвойнага прызначэння».

На памежным пераходзе Райгардас літоўскія мытнікі затрымалі грузавік з Беларусі. Гэтая машына ўваходзіць у спіс прадукцыі падвойнага прызначэння і можа выкарыстоўвацца як вайсковы грузавік, паведамляе прэс-служба літоўскай мытні.

Гаворка ідзе пра поўнапрывадны буйнагабарытны аўтамабіль «Урал-375». Ён вырабляўся ў СССР з 1960-х гадоў. Выкарыстоўвацца гэтая машына можа для перавозкі вайсковых грузаў і людзей, а таксама як шасі для сістэм залпавага агню. Для перавозкі такога аўтамабіля праз мяжу патрэбная адмысловая ліцэнзія, якой не мела кампанія, якая перавозіць аўтамабіль.

Прэс-служба літоўскай мытні піша, што гэта не першы выяўлены аўтатранспарт, які трапляе пад вызначэнне «прадукцыі падвойнага прызначэння». 26 красавіка на тым жа памежным пераходзе мытнікі затрымалі грузавік КамАЗ-43101 - ён уважаецца за вайсковую тэхніку. А за месяц да таго тая ж кампанія, якая перавозіла «Урал», прывезла ў Літву дзве мабільныя электрастанцыі на платформе аўтамабіля ЗІЛ.

Апошнія навіны