BE RU EN

Палітолаг: Чацвёрты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі будзе ўведзены ў найбліжэйшы час

  • 18.05.2021, 19:56

І адразу ж пачнецца распрацоўка пятага.

– Гэта не першы напад на tut.by. Мне здаецца, што галоўным матывам цяперашняй кампаніі з'яўляецца тая значная роля парталу, якую ён гуляе ў асвятленні палітычнага крызісу ў краіне, – выказаў сваё меркаванне ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі. – З улікам таго, што беларускія ўлады цалкам пацярпелі паразу ў інфармацыйнай бітве за розумы і сэрцы беларусаў, таксама яны не маюць канкурэнтаздольных дзяржаўных медыя, усе іх дзеянні транслююць такі рэпрэсіўны трэнд.

Спачатку было зачышчанае палітычнае поле і інфраструктура грамадзянскай супольнасці, а цяпер, адпаведна, прадаўжаюць зачышчаць незалежныя медыя, як праваднікі нейкага альтэрнатыўнага пункту гледжання. Асабліва пад ударам апынуліся рэсурсы, якія маюць у сабе смеласць крытыкаваць дзеянні ўладаў.

Вынікам атакі на tut.by, мяркуе палітолаг, можа стаць узмацненне ціску Захаду.

– Я думаю, што сёння пастаўленая мэта калі не знішчыць tut.by у тым выглядзе, у якім мы яго ведаем, то ўзяць пад кантроль. І гэтая гісторыя павінна паслужыць такім прыкладам для застрашвання астатніх гульцоў медыярынку і падштурхнуць іх у бок нейкай самацэнзуры.

Але гэтая атака толькі дэманструе слабасць пазіцыі беларускіх уладаў, не кажучы ўжо пра тое, што падобныя дзеянні прывядуць да ўзмацнення санкцыйнага ціску з боку заходніх краінаў.

У сутнасці беларускія ўлады ўласнымі рукамі ствараюць сабе праблемы, дадаўшы падставы для ўвядзення новых пакетаў санкцый заходнімі краінамі. Адказ будзе, безумоўна.

Я думаю, што калі да сёння паміж краінамі Еўразвязу ішлі дыскусіі наконт мэтазгоднасці ўвядзення «чацвёртага пакета» санкцый, то пасля сённяшніх падзей гэтае пытанне практычна прадвызначанае. Я ўпэўнены, што «чацвёрты пакет» будзе ўведзены ў найбліжэйшы час, і адразу ж пачнецца распрацоўка пятага, – адзначыў суразмоўца «Салiдарнасцi».

Рост пратэставых настрояў і недаверу да ўлады ён уважае за яшчэ адзін вынік таго, што адбылося.

– Яшчэ адным эфектам гэтай «атакі» стане рост латэнтных пратэставых настрояў і яшчэ большага недаверу да ўлады.

Я не думаю, што tut.by надумаюць замясціць нейкімі альтэрнатывамі, у тым ліку расейскімі, як мяркуюць некаторыя. У якасці аналогіі можна нагадаць адмову ў рэгістрацыі прарасейскай партыі «Саюз».

Рэч у тым, што галоўнай мэтай, якую ставіць перад сабой гэтае кіраўніцтва краіны, з'яўляецца татальны кантроль грамадска-палітычнай прасторы і медыяландшафту. Паколькі гэта, з гледзішча беларускіх уладаў, і ёсць гарантыя таго, што сітуацыя будзе заставацца пад кантролем.

Любыя празаходнія, прарасейскія ці беларускія незалежныя СМІ, калі яны не знаходзяцца пад кантролем беларускіх уладаў, уяўляюць пагрозу для стабільнасці.

Апошнія навіны