BE RU EN

Расейскую абаронную прамысловасць адсеклі ад апошняй крыніцы нямецкіх тэхналогій

  • 18.05.2021, 16:35

Масква спрабавала атрымліваць вайсковае абсталяванне і тэхналогіі ў абыход санкцый.

Расейскі вайскова-прамысловы комплекс прадаўжае губляць пастаўшчыкоў заходніх тэхналогій, закупляць якія прыходзіцца нелегальна праз уведзеныя ЗША і Еўразвязам санкцыі.

У аўторак Генпракуратура Нямеччыны супольна з супрацоўнікамі ўправы мытнай паліцыі ў Лейпцыгу затрымала бізнэсоўца, які з 2018 года прадаваў у Расею падсанкцыйнае абсталяванне.

Грамадзянін ФРГ Аляксандр С., кіроўны дырэктар гандлёвай фірмы ў Саксоніі, супрацоўнічаў з расейскай кампаніяй, чыя закупачная дзейнасць «кантралюецца расейскімі спецслужбамі», цытуе РІА «Новости» заяву пракуратуры.

У парушэнне закона аб замежным гандлі і санкцыях, якія забараняюць пастаўкі ў Расею вайсковага абсталявання і тэхналогій двайнога прызначэння, бізнэсовец двойчы прадаў у РФ «станкі высокай якасці», не атрымаўшы дазвол ад рэгулятара экспартнага кантролю (BAFA).

Следства высветліла, што падазраваны падпісаў ад імя сваёй кампаніі дзве дамовы з пасярэднікамі для пастаўкі тавараў двайнога прызначэння для патрэб расейскага ВПК, а затым паставіў два станкі - у чэрвені і ліпені 2019 года.

Еўразвяз разам з ЗША, нагадаем, увёў забарону на продаж у Расею тэхналогій падвойнага прызначэння ў ліпені 2014 года - у адказ на ўдар па малайзійскім Boeing над Данбасам. З тых часоў гэтыя захады неаднаразова падаўжаліся і пашыраліся.

У сакавіку 2021 года Міністэрства гандлю ЗША абвясціла пра чарговае ўзмацненне жорсткасці тэхналагічных санкцый з увядзеннем «прэзумпцыі забароны» на экспарт у Расею тавараў і паслуг, адчувальных з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі (NS items).

Апошнія навіны