BE RU EN

Newsweek: У ЗША стварылі сакрэтнае войска

  • 18.05.2021, 11:24

Самая новая і хуткарослая група сакрэтнага войска - «кібер-байцы».

Міністэрства абароны ЗША стварыла 60-тысячнае сакрэтнае войска, яго ўдзельнікі працуюць як у баявых зонах, так і ў тыле супраціўніка пад прыкрыццём. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні амерыканскага часопіса Newsweek ад 17 траўня, піша "Гордан".

Са звестак выдання, у гэтым фармаванні ў 10 разоў больш людзей, чым падпольных супрацоўнікаў ЦРУ. "Таемныя" жаўнеры працуюць як унутры ЗША, так і за мяжой, выконваючы заданні ў вайсковай форме ці пад выглядам цывільных грамадзян.

Паводле інфармацыі Newsweek, у гэтай праграме ўдзельнічае блізу 130 прыватных кампаній, якія штогод выдаткоўваюць на яе больш за $900 млн.

Журналісты падкрэсліваюць, што больш за палову сакрэтных войскаў складаюць сілы спецыяльнага прызначэння войска ЗША, галоўная задача якіх - пераследваць тэрарыстаў у зонах баявых дзеянняў ад Пакістана да Заходняй Афрыкі, аднак часта яны працуюць і ў тыле "супраціўніка" ў такіх краінах, як Паўночная Карэя і Іран . Другі паводле велічыні складнік гэтых "сакрэтных" войскаў - гэта спецыялісты вайсковай выведкі.

Самая новая і хуткарослая група сакрэтнага войска - "кібер-байцы". Яны працуюць пад выдуманымі імёнамі і збіраюць у інтэрнэце звесткі, а таксама могуць удзельнічаць у кампаніях ўплыву ў сацсетках.

На думку аўтараў расследавання, гэтае таемнае войска патрэбнае ЗША не толькі для барацьбы з тэрарыстамі, але і для павелічэння канкурэнтных магчымасцяў у гібрыднай вайне з Расеяй і Кітаем.

Апошнія навіны