Па цэнтры Менска на досвітку шпацыраваў бабёр
- 15.05.2021, 15:36
Што з ім здарылася?
Па цэнтры Менску сёння ўначы і раніцай шпацыраваў бабёр: гэта заўважылі адразу некалькі мінакоў. Відавочна, гэтага ж звера яшчэ ў красавіку бачылі ў парку Горкага.
Партал tut.by расказаў, што з ім здарылася далей.
Пад раніцу непадалёк ад плошчы Перамогі бабра заўважыў карыстальнік інстаграма andrey_babyk.
Потым за прыгодамі жывёлы ў горадзе назіраў Яўген Клёц, жыхар дома на бульвары Мулявіна, што побач з плошчай Якуба Коласа. Вось відэа бабровага шпацыру.
- Раніцай, а 4.30, прачнуўся ад гучнага каркання, - распавёў TUT.BY Яўген. - Выйшаў на балкон - убачыў жывёліну з вялікім хвастом. Падумаў, што бабёр ў цэнтры горада раніцай - гэта неяк дзіўна. Надумаў выйсці паглядзець. Пакуль спускаўся, бабёр перамясціўся ў іншае месца - знайшоў яго, зноў жа, бо яго праводзілі вароны.
Устурбаваны лёсам жывёліны ў вялікім горадзе, Яўген патэлефанаваў у МНС.
- Мне спачатку не паверылі, потым папрасілі даслаць фота і відэа. Потым я вартаваў бабра, не даваў яму прайсці да праезнай часткі. А ён воплескаў і вокрыкаў не разумее, таму я шаркаў тэпцямі па асфальце - звер спыняўся і ішоў у другі бок. Але ён наогул добры таварыш, не агрэсіўны. Мы так з ім шпацыравалі гадзіны дзве, пакуль не прыехаў нейкі спецыяліст у ахове прыроды.
Пазней прыехаў яшчэ і спецтранспарт ад «Фауны горада». Бабра злавілі сачком і павезлі.
- Сказалі, што выпусцяць на волю, магчыма дзесьці ў Драздах, - дадаў Яўген. - Я рады, што прачнуўся так рана. Такое бывае не кожны дзень: горад спіць, а мы з бабром шпацыруем.
Мы высвятляем падрабязнасці, дзе бабёр жыве цяпер.
Бобр у цэнтры Мннска - гэта нармальна?
Бобр - гэта самы буйны грызун Еўропы. Вось што распавядаў пра жывёл Максім Нямчынаў, спецыяліст у прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны»:
- Бобр у горадзе - варыянт нормы. Гэтыя жывёлы могуць даволі актыўна рассяляцца: часцей - маладыя, якія выганяюцца з тэрыторый бацькоў, але і больш дарослыя часам вымушаныя міграваць.
Спецыяліст тлумачыў, што такія бабры падарожнічаюць, у асноўным, па вадацёкам, якія адначасова для іх з'яўляюцца спосабам схавацца ад драпежнікаў.
- Вышукваюць прыдатны надзел, а пакуль яго не знойдуць, могуць быць і ў непрыдатных. Пры гэтым ступень прыдатнасці бабёр вызначае эмпірычна, спрабуючы пажыць на пляцы. Так што ў парку Горкага, хутчэй за ўсё, вось такі падарожнік. Умовы там далёкія ад аптымальных - магчыма, ён перамесціцца адтуль, але і цалкам выключыць магчымасць, што паспрабуе асесці, нельга.