На кітайскі Ухань абрынуўся магутны тарнада
- 15.05.2021, 14:31
У горадзе, дзе размяшчаецца падазраваная ў выцеку каранавіруса лабараторыя, адбыліся маштабныя разбурэнні.
Шэсць чалавек загінулі і 218 былі параненыя ў выніку тарнада ў кітайскім Ухані ў правінцыі Хубэі. Пра гэта ў суботу, 15 траўня, паведамляе тэлеканал CGTN са спасылкай на дэпартамент надзвычайных сітуацый горада.
"Увечары ў пятніцу ў шэрагу раёнаў места быў зафіксаваны вецер, хуткасць якога дасягала 24 мэтраў за сэкунду. У выніку разбураныя 85 і пацярпелі блізу 400 дамоў і пабудоў, паламаная вялікая колькасць дрэў, упаў вежавы кран", - гаворыцца ў паведамленні.
У сваю чаргу агенцтва Сіньхуа інфармавала, што парыванне шквалістага ветру дасягала 23,9 м/с, смерч пашкодзіў будынкі, былі паваленыя дрэвы.
Пасля навалы на месца прыехалі кіраўнікі рэгіянальнага камітэта камуністычнай партыі і прадстаўнікі ўрада. Яны правялі пільныя нарады для ўзгаднення плана дзеянняў рэагавання на надзвычайную сітуацыю.
Раней прыкладна пад 19.00 мясцовага часу тарнада абрынуўся на паселішча Шэнцзэ ў правінцыі Цзянсу. Загінуў адзін чалавек, яшчэ 20 з рознымі траўмамі шпіталізаваныя.
Метэаролагі агучылі несуцяшальны прагноз: імавернасць узнікнення паветраных віхроў у правінцыях Цзянсу і Хубэі захоўваецца. Тутэйшым жыхарам трэба выяўляць пільнасць.