BE RU EN

ЕАБР адзначае інфляцыйныя рызыкі для Беларусі праз санкцыі ЗША

  • 11.05.2021, 15:53

Інфляцыя ўжо разгортваецца хутчэй, чым чакалі ўлады.

Еўразійскі банк развіцця адзначае рызыку ўзмацнення інфляцыйнага ціску для эканомікі Беларусі праз санкцыі ЗША ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта гаворыцца ў травеньскім эканамічным аглядзе, падрыхтаваным аналітыкамі ЕАБР.

Як сайт піша сайт naviny.by, у аглядзе адзначаецца, што Нацыянальны банк Беларусі зрабіў больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку на фоне высокай інфляцыі і інфляцыйных чаканняў. Стаўка рэфінансавання 21 красавіка падвышаная на 0,75% - да 8,5%.

«З улікам павелічэння НБ РБ разліковых велічынь стандартнай рызыкі, стаўкі рынкавых крэдытаў у беларускіх рублях могуць падвысіцца на 0,5-2 адсотка. Гэта паспрыяе забеспячэнню цэнавай стабільнасці, але будзе стрымліваць спажывецкую і інвестыцыйную актыўнасць», - мяркуюць эканамісты.

На разлікі ЕАБР, падтрыманне стаўкі рэфінансавання на ўзроўні 8,5% сёлета пры захаванні Нацбанкам кантролю за грашовай прапановай можа прывесці да запаволення інфляцыі да 6,5-7% на канец года.

«Разам з тым прысутнічае рызыка ўзмацнення інфляцыйнага ціску сёлета пры рэалізацыі пагрозы скарачэння беларускага экспарту праз аднаўленне абмежавальных захадаў з боку ЗША ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу», - паказваюць аналітыкі ЕАБР.

Як паведамлялася, афіцыйны прагноз уладаў Беларусі аб інфляцыі на гэты год прадугледжваў рост спажывецкіх коштаў на 5%, аднак фактычна за першы квартал яны выраслі на 3,8%.

У наступныя кварталы, прагназуюць спецыялісты Нацбанку, інфляцыя будзе запавольвацца і за год можа скласці амаль 7%.

На фоне паскарэння інфляцыйных працэсаў сёлета Нацбанк 21 красавіка ўпершыню за апошнія шэсць гадоў павялічыў стаўку рэфінансавання (з 7,75 да 8,5%).

19 красавіка ЗША пастанавілі аднавіць санкцыі ў дачыненні да дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім» і васьмі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў: Беларускага нафтавага гандлёвага дому, Belneftekhim USA Inc., ААТ «Белшына», ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан» і ААТ «Полацк-Шкловалакно».

Асноўныя аперацыі або дзейнасць «з названымі прадпрыемствамі, кампаніямі, якімі яны валодаюць індывідуальна або калектыўна, проста ці ўскосна, маючы 50-адсоткавую або большую долю, дазволеныя да 3 чэрвеня 2021 года».

Апошнія навіны