BE RU EN

«Адзін няправільны рух – і можна няўдала папіць гарбаткі»: Як Лукашэнка рыхтуе сваю ліквідацыю

  • 1.05.2021, 16:16

У гісторыі з «змовай» дыктатар зрабіў дзве стратэгічныя памылкі.

Прызваны расставіць кропкі над «і» фільм пра «змову» супраць Лукашэнкі сапраўды шмат што прасвятліў. Цяпер нават тыя, хто злёгку сумняваўся ў літаратуразнаўцу-тэрарысту, канчаткова зразумелі ўсю бессэнсоўнасць гісторыі, піша «Салідарнасць».

Але ўлады ўсё ж здзейснілі стратэгічную памылку, калі задумалі згуляць сюжэт «замаху» на Лукашэнку. Ды яшчэ і зрабіць яго настолькі абсурдным. Уся гэтая змова толькі на першы погляд здаецца такой смешнай. Аднак яе наступствы далёка не такія бяскрыўдныя. У першую чаргу для самога Лукашэнкі.

Па-першае, трэба разумець, што няспыннае педаляванне тэмы замаху – такі сабе занятак. Расказаныя на ўсе лады (ды яшчэ і замацаваныя з дапамогай фільма з такой павабнай назвай) сцэнары замаху напэўна могуць нарадзіць у чыёйсьці галаве цалкам недвухсэнсоўныя памкненні. А абсурднасць сюжэту проста падмывае напісаць нешта больш праўдападобнае і «паказаць клас».

Зноў жа добра б разумець, хто аўтар шэдэўраў пра 150 джыпаў з літоўскай мяжы і склепа для сыночкаў? Таму што калі гэта спантанная імправізацыя самога правадыра, пад якую ўсе астатнія вымушаныя былі падладзіцца, то гэта адна гісторыя.

Калі ж сцэнар быў прапанаваны «вернымі таварышамі пры пагонах», то на месцы Лукашэнкі варта было б задумацца: а ці такія яны «верныя»? Таму што відавочна папахвае ідэалагічнай дыверсіяй падрыву аўтарытэту ўлады.

Зрэшты, не будзем кідаць галаслоўныя абвінавачванні на адрас паплечнікаў Лукашэнкі – урэшце натуральны (дакладней, ненатуральны) адбор у шэрагах набліжаных да цела таксама мог даць свой плён такой мудрагелістай канфігурацыі.

Аднак не трэба забывацца і пра тых, каго такая немудрагелістая сюжэтная лінія магла б прымусіць пакрыўдзіцца за гонар мундзіра. Таму што непрыемна гэта, калі цябе і структуру, якую ты прадстаўляеш, выстаўляюць у такім святле. А крыўдлівыя таварышы пры пагонах – гэта ўжо не «пушкініст» у склепе.

Ну, і самая галоўная памылка Лукашэнкі – ідэя ў выпадку сваёй ліквідацыі пакінуць Радзе бяспекі паўнамоцтвы прэзідэнта. У сутнасці гэта закладзеная міна пад уласную ж бяспеку. Таму што адна справа, калі прэзідэнцкі пост свеціць адзінаму чалавеку (таго ж прэм'еру), і зусім іншая – адразу дзясятку, амаль за кожным з якіх цэлая сілавая ўстанова.

Зноў жа не варта забывацца, што многія чальцы Рады бяспекі шчыльна арыентаваныя на расейскі вектар. Увогуле колькасць выгодаатрымальнікаў расце як на дражджах. Адзін няправільны рух у саюзным кірунку – і можна вельмі няўдала папіць гарбаткі.

Вось і атрымліваецца, што Лукашэнка мала таго што падкінуў ідэю, дык яшчэ і пашырыў кола зацікаўленых. Наўпрост скажам, не самая разумная тактыка. Тут нават літаратуразнаўца Фядута не патрэбны, каб растлумачыць, якой можа быць развязка гэтага сюжэту.

Апошнія навіны