BE RU EN

Стаў вядомы спіс прэтэндэнтаў на прэмію Анемпадыстава

  • 8.04.2021, 18:27

На прэмію намінаваліся 28 кніг.

Журы прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку абвясціла кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду, паведамляе belsat.eu.

На прэмію намінаваліся 28 кніг. У кароткі спіс журы выбрала 6 вокладак:

Анатоль Лазар - аўтар вокладкі кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя», Зміцер Лукашук, Максім Гаруноў. Медысонт, 2020. (Менская абласная экспэртная камісія ў ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі дала выснову, што кніга змяшчае «прыкметы праявы экстрэмізму»).

Кацярына Даманнікава, Андрэй Ганчарук - аўтары вокладкі кнігі «Лотас на асфальце», Алесь Плотка. Люта Справа, 2020.

Павел Дарохін - аўтар вокладкі кнігі «Нарысы сучаснага краязнаўства», Збых Слупоўскі. Галіяфы, 2020.

Павел Дарохін - аўтар вокладкі кнігі «Папяросы», Юрый Іздрык (пераклад на беларускую - Алесь Плотка). Галіяфы, 2020.

Алена Дашкевіч - аўтарка вокладкі кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». Stowarzyszenie Młodych Twórców - «Ku Teatrowi» (сувыдавец - Agencja Wydawnicza Ekopress), 2020.

Наталля Паваляева - аўтарка вокладкі кнігі «ROT», Юлія Цімафеева. Янушкевіч, 2020.

Кароткі спіс выбіраўся рэйтынгавым галасаваннем: чальцы журы ацэньвалі кожную вокладку паводле дзесяцібальнай шкалы, ацэнкі сумаваліся.

У складзе цяперашняга журы літаратарка і архівістка Вольга Бабкова, графік, дызайнер і фатограф Адам Бароўскі, дызайнер і каліграф Генадзь Мацур, дызайнерка Кацярына Пікірэня, мастачка Антаніна Слабодчыкава.

Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку беларускай кнігі належыць беларускаму ПЭН-цэнтру супольна са Звязам беларускіх дызайнераў і «лятучым універсітэтам», а таксама польскім партнёрам ТАА «H&L» і фондам «Адкрытая культура». Генеральным партнёрам прэміі з'яўляецца тэлеканал «Белсат».

Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў - мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця тры гады таму. Першым пераможцам прэміі стаў Рыгор Кацнельсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса, у 2020 годзе прэмію атрымала дызайнерка Кацярына Пікірэня за вокладку кнігі «Трое ў чоўне і пёс з імі» К. Джэрама.

Апошнія навіны