BE RU EN

Кітайскія інвестары бягуць з Расеі

  • 8.04.2021, 17:43

Існы паказчык - мінімальны за ўвесь час даступнай статыстыкі цэнтрабанку.

Расейская эканоміка ў 2020 годзе перажыла ўцёкі інвестараў з Кітая.

Насуперак спробам развярнуцца на Усход і заявам аб стратэгічным партнёрстве з Пекінам, кітайскія інвестары забралі кожны другі даляр, укладзены ў рэальны сектар РФ, паведамляе finanz.ru.

За першы-трэці квартал 2020 года (апошні даступны перыяд статыстыкі) аб'ём наўпроставых інвестыцый Кітая ў Расею абрынуўся на 52% - з 3,735 да 1,83 млрд даляраў, вынікае са звестак ЦБ РФ (.xls).

Аб'ём фундаванняў кітайскіх рэзідэнтаў непасрэдна ў капітал расейскага бізнэсу абрынуўся амаль у 5 разоў - з 2,28 млрд даляраў да 480 млн.

Крыху менш скараціліся інвестыцыі ў «даўгавыя інструменты» - з 1,45 да 1,35 млрд даляраў.

У параўнанні з 2014 годам, Крэмль наважыў зблізіцца з усходнім суседам у адказ на развал стасункаў з Захадам, аб'ём кітайскіх інвестыцый у рэальны сектар РФ абрынуўся ў 2,5 разы.

Існы паказчык - мінімальны за ўвесь час даступнай статыстыкі цэнтрабанку. На КНР прыпадае толькі 0,4% ад наўпроставых замежных інвестыцый - у 9 разоў менш, чым прыйшло з Нямеччыны (16,6 млрд даляраў), і ў 68 разоў менш, чым ўклалі рэзідэнты Кіпра (123,4 млрд даляраў).

Сем гадоў спробаў угаварыць кітайскі бізнэс укласціся ў рэальны сектар расейскай эканомікі, прафінансаваць мадэрнізацыю інфраструктуры ці хаця б паўдзельнічаць у супольных праектаў скончыліся нічым.

Кітай адмовіўся крэдытаваць будаўніцтва «Сілы Сібіры» і не плануе выдзяляць сродкаў на другі аналагічны газаправод. Ён абвясціў нерэнтабельнай хуткасную чыгунку «Еўразія» - з Пекіна праз Маскву ў Берлін, - якую расейскія чыноўнікі спадзяваліся ўпісаць у «Новы шаўковы шлях»; і адмовіўся інвеставаць будаўніцтва найбуйнейшага ў Расеі завода для перапрацоўкі газу ў Амурскай вобласці.

Безвыніковыя спробы прыцягнуць кітайскія банкі ў расейскую альтэрнатыву SWIFT: паводле інфармацыі ЦБ, у Сістэме перадачы фінансавых паведамленняў (СПФП) зарэгістраваўся ўсяго адзін банк з КНР (Bank of China).

У лютым 2021 года Мінфінансаў Расеі абвясціла, што пераводзіць 15% фонду нацыянальнага дабрабыту ў кітайскія юані - услед за ЦБ, які значна ўклаўся ў кітайскую валюту яшчэ ў 2018 годзе.

З красавіка інвестыцыі ў юань былі пераведзеныя ў штодзённы рэжым. У рамках аперацый па напаўненні ФНБ да 7 траўня Мінфін будзе інвеставаць у кітайскую валюту 1,26 млрд рублёў з федэральнага бюджэту.

Апошнія навіны