BE RU EN

Менскія паліклінікі пачалі прышчапляць ад COVID-19

  • 8.04.2021, 9:46

На выбар ёсць дзве вакцыны - расейская «Спадарожнік V» і кітайская «Vero cell».

У менскіх паліклініках пачынаецца масавая вакцынацыя ад COVID-19. Напярэдадні шэраг сталічных медустаноў атрымалі першыя партыі вакцыны для ўсіх ахвотных. Дарэчы, 8 красавіка вакцынаваць шараговых грамадзян, якія загадзя запісаліся, пачынаюць у 34-й раённай паліклініцы, паведамля агенцтва «Мінск-навіны» са спасылкай на галоўнага лекара гэтай медустановы Наталлю Дзергачову.

«Наколькі мне вядома, калегі з іншых сталічных цэнтральных паліклінік таксама атрымалі вакцыны ад COVID-19 для масавай прышчэпачнай кампаніі гараджан», - распавяла яна.

На выбар ёсць дзве вакцыны - расейская «Спадарожнік V» і кітайская «Vero cell». Пры гэтым Дзергачова распавяла, што медработнікі яе паліклінікі прышчапляліся кітайскай вакцынай і засталіся задаволеныя - «ніякіх ускладненняў, самаадчуванне добрае».

У рамках першай партыі ў 34-ю паліклініку паступіла 1400 доз вакцыны, то бок, аднакратна медыкі змогуць прышчапіць 1400 чалавек. Аднак праз тры тыдні яны павінны будуць рэвакцынавацца, зрабіць яшчэ адну прышчэпку.

Са слоў галоўнага лекара, вакцыны будзе дастаткова. Пры гэтым прышчэпкі для гараджан бясплатныя.

Паводле планаў менскіх эпідэміёлагаў, да года канца ў сталіцы ад каранавіруснай інфекцыі плануюць вакцынаваць не менш за 60% насельніцтва. Запісацца на прышчэпку можна праз сайт паліклінік, праз тэлефон ці непасрэдна ў рэгістратуры медустановы.

Апошнія навіны