Санітарныя лекары дазволілі піць ваду з крана ў Менску
- 23.04.2021, 10:33
Але ці варта з гэтым спяшацца пасля здарэння з вадаводам у Чыжоўцы?
Якасць вады ў трох раёнах Менска, якія пацярпелі ад НЗ у Чыжоўцы, стабілізавалася, выкарыстоўваць яе ў пітных мэтах можна. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Минск.Официально».
- Вада можа быць выкарыстаная ў пітных мэтах, - распавялі ў санітарна-эпідэміялагічнай службе Менска.
Вынікі проб адпавядаюць нарматывам паводле арганалептычных, хімічным і мікрабіялагічных паказчыках.
Нагадаем, увечары (прыкладна а 9-й вечара) у сераду 21 красавіка затапіла праезную частку ў менскай Чыжоўцы. Жыхары Заводскага, Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў паведамлялі, што ў іх прапала вада з крана.
Высветлілася, што прычына надзвычайнага здарэння - пашкоджанне буйнога трубаправода водазабеспячэння ў раёне будпляцоўкі каля гіпермаркета на вуліцы Убарэвіча. Акрамя таго, быў пашкоджаны і падземны газаправод.
Пасля 22.00 чытачы сталі паведамляць, што ў некаторых дамах вада з'явілася, а ўзровень вады на праезнай частцы знізіўся. На месцы працавалі ратавальнікі і аварыйныя службы. У Менгарвыканкаме папярэдзілі, што якасць вады можа пагоршыцца, у пацярпелыя раёны накіравалі аўтацыстэрны з пітной вадой. А 00.15 аварыю лакалізавалі.
Якасць вады ў трох раёнах Менска была непрыдатнай для пітва на працягу ўсяго чацвярга 22 красавіка.
Мінгарвыканкам назваў дзве папярэднія версіі здарэння ў Чыжоўцы.
Першая - водаправод пашкодзілі пры выкананні будаўніча-мантажных работ. Яны маглі выконвацца без выканання рэгламенту.
Другая версія - нізкія эксплуатацыйныя характарыстыкі металу (чыгуну), што прывяло да паскоранага зносу трубаправода.
- Рабіць высновы заўчасна, зараз вывучаем сітуацыю. Канфіскавалі відэа з камер гандлёвага цэнтра, размешчанага побач з месцам аварыі, выкарыстоўваем яго для вызначэння прычын здарэння. Трэба будзе аб'ектыўна разабрацца ў здарэнні, каб не дапускаць такіх сітуацый надалей, - заявіў 22 красавіка намеснік старшыні Менгарвыканкама Аляксандр Дараховіч.